Цэнтарвыбаркам не плянуе запускаць у дзень выбараў 9 жніўня інфацэнтар для прадстаўнікоў СМІ. Мяркуецца, што папярэднія вынікі журналістам агучаць раніцай 10-га. Прычына — эпідэміялягічная сытуацыя ў краіне, патлумачылі Tut.by у ЦВК.
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Традыцыйна ў дзень прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у малой залі Палаца Рэспублікі разгортваецца прэс-цэнтар для журналістаў. Кожныя 2-3 гадзіны старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына агучвае сьвежыя зьвесткі пра ход галасаваньня. Пасьля поўначы яна дае апошнюю прэс-канфэрэнцыю, падчас якой аб’яўляе першыя папярэднія вынікі. Сёлета такога прэс-цэнтру, мяркуючы па ўсім, ня будзе.
«Пакуль фармат канчаткова ня вызначаны, але на гэтых выбарах такога інфацэнтру ў Палацы Рэспублікі, хутчэй за ўсё, ня будзе. Гэта зьвязана з эпідэміялягічнай сытуацыяй. Калі ня здарыцца істотных паляпшэньняў, то мы ня можам зьбіраць такую колькасьць людзей у адным месцы. У інфацэнтры звычайна прысутнічаюць ня толькі журналісты, а і назіральнікі, і шмат іншых людзей», — сказалі ў Цэнтарвыбаркаме.
Папярэдне плянуецца, што замест прэс-канфэрэнцый 9 жніўня Лідзія Ярмошына будзе выходзіць у жывыя эфіры дзяржаўных тэлеканалаў і паведамляць пра яўку на выбарах і ход галасаваньня.
«А што тычыцца ўжо наступнага дня, калі ў нас будуць папярэднія вынікі выбараў, то будзе ранішні брыфінг у Палацы Рэспублікі. Там могуць прысутнічаць журналісты. У залі яны будуць шырока рассаджаныя літаральна на пару прэс-канфэрэнцый», — сказалі ў ЦВК.
У Цэнтрвыбаркаме падкрэсьлілі, што канчатковае рашэньне будзе прынятае бліжэй да сярэдзіны ліпеня.
Арт. 13 Выбарчага кодэксу (галоснасьць пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў) прадугледжвае, што падрыхтоўка і правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляюцца «адкрыта і галосна», на ўсіх этапах маюць права прысутнічаць прадстаўнікі сродкаў масавай iнфармацыi.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.