Цэнтравыбаркам акрэдытаваў 33 579 нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, сьведчаць дадзеныя на сайце камісіі.
За апошні тыдзень колькасьць акрэдытаваных назіральнікаў вырасла на 11 186.
Больш за ўсё нацыянальных назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя выбаркамы — 32 659. Раённыя камісіі акрэдытавалі 677 чалавек, раённыя камісіі ў межах гарадоў — 165, абласныя — 41, гарадзкія — 23, Менская гарадзкая выбарчая камісія — 8, Цэнтравыбаркам — 6.
26 843 нацыянальныя назіральнікі, або 80%, прадстаўляюць грамадзкія аб’яднаньні. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 8059 чалавек, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 5334, праўладнае аб’яднаньне «Белая Русь» — 4326, Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3397, Беларускі саюз жанчын — 3005, Беларускі фонд міру — 1220, Беларускі Хэльсынскі камітэт — 47, БНФ «Адраджэньне» — 1. Іншыя грамадзкія аб’яднаньні дэлегавалі 1454 чалавекі.
Ад палітычных партый выбаркамы акрэдытавалі 1111 нацыянальных назіральнікаў. Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 600 сваіх сябраў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 414, Лібэральна-дэмакратычная партыя — 67, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды — 21, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 6, Беларуская аграрная партыя, Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя — па адным.
Яшчэ 1712 назіральнікаў акрэдытаваныя ад працоўных калектываў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.