Цэнтарвыбаркам не плянуе запускаць у дзень выбараў 9 жніўня інфацэнтар для прадстаўнікоў СМІ. Як патлумачылі Tut.by у ЦВК, прычынай такога рашэньня зьяўляецца эпідэміялягічная сытуацыя ў краіне.
Глядзіце, як цікава атрымліваецца. Беларусь — адна з дзьвюх краін Эўропы (разам з Швэцыяй), якая ня ўводзіла карантыну з прычыны пандэміі каранавірусу. Тут ня сталі абмяжоўваць масавых сходаў. Дэманстратыўна правялі суботнік, парад, працягваецца футбольны чэмпіянат. Лукашэнка зладзіў чарговы хакейны турнір пры поўных трыбунах. Заклікаў ісьці ў царкву на Вялікдзень. Дзяцей вярнулі на заняткі ў школах.
Кіраўнік Беларусі вельмі ганарыўся тым, што, насуперак усяму сьвету, «не паддаліся паніцы», на гэты сусьветны «псыхоз», не ўвялі абмежаваньняў, як у іншых краінах. І прэзыдэнцкую кампанію прызначылі як раз на піку захворваньняў.
Зусім нядаўна Лукашэнка абвесьціў аб «перамозе» над каранавірусам. Сёньня, падчас сустрэчы з «актывам» Менску, ён заявіў: «Я магу вас павіншаваць, што мы з гэтай бядой справіліся». Афіцыйная статыстыка паказвае, што нібыта колькасьць хворых на каранавірус імкліва памяншаецца.
І вось на гэтым тле ЦВК, увогуле ўлады раптам успомнілі пандэмію і вельмі заклапаціліся здароўем людзей. І пад гэтай маркай імкнуцца абмяжоўваць свабоду правядзеньня выбарчай кампаніі. Памятаеце, як дзяржаўныя мэдыя абураліся масавымі пікетамі па ўсёй краіне? Маўляў, гэта ж пагражае здароўю людзей, павялічвае колькасьць інфікаваных.
А потым адзін за адным пайшлі абмежаваньні, насуперак патрабаваньню Выбарчага кодэксу аб дэмакратычнасьці, празрыстасьці, грамадзкім кантролі над выбарчым працэсам.
Чаму назіральнікаў не дапусьцілі на паседжаньні райвыканкамаў, на якіх фармаваліся выбарчыя камісіі? Дык жа ў краіне палае пандэмія!
Чаму дасюль не прынята рашэньне аб запрашэньні замежных назіральнікаў? Зноў жа праз пандэмію. Вось цяпер ЦВК абмяжуе кантакт з журналістамі незалежных мэдыя. Каб не задавалі нязручных пытаньняў. Але прыдумалі высакародную падставу.
Думаю, падчас агітацыйнай кампаніі ўлады яшчэ ня раз будуць выкарыстоўваць гэтую падставу для абмежаваньня альтэрнатыўных кандыдатаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.