Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу ня быць скотам». Даведаліся, чым скончылася затрыманьне шматдзетнага бацькі ў Мастах, які зьняў правакацыю супраць сябе на відэа


Аляксандар Мілюк
Аляксандар Мілюк

Каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандра Мілюка з гораду Масты Горадзенскай вобласьці затрымалі на Дзень Рэспублікі, калі ён вяртаўся дадому з малым сынам. Неўзабаве мужчына апынуўся ў шпіталі з каранавірусам.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Падышоў незнаёмец, чапляўся, прасіў грошай

Аляксандру Мілюку 34 гады, жанаты, мае трох сыноў ад 4 да 12 гадоў. Працуе зваршчыкам у Мастоўскім ПМК, зарабляе 300-400 рублёў. Сёлета зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.

Як расказаў Аляксандар Мілюк, ён 3 ліпеня ішоў дахаты з 11-гадовым сынам. Па дарозе да яго стаў чапляцца мужчына, якога ён ніколі раней ня бачыў. Аляксандар падумаў, што гэта правакацыя, і стаў запісваць відэа. Незнаёмец казаў, што Мілюк нібыта павінен яму грошы, хапаў яго за рукі. Аляксандар сам яго не чапаў, спрабаваў ад яго пайсьці, але той ішоў сьледам.

Мілюк убачыў, што міма едзе міліцэйскі аўтамабіль, і паказаў, каб тыя спыніліся. Аднак пасьля кароткай гутаркі міліцыянты папрасілі абодвух мужчын сесьці паасобку ў дзьве міліцэйскія машыны і праехаць у РАУС. На відэа чуваць, як нехта кажа хлопчыку: «Ня плач». Аляксандар адмаўляўся ехаць разам з сынам або пакідаць яго аднаго на вуліцы. Прапаноўваў разабрацца на месцы.

«Майго сына страшна запужалі, страшна. Я ім гэтага ніколі ў жыцьці не дарую… Там былі ўсе сілы засяроджаныя, ад падпалкоўніка да капітана і маёра», — эмацыйна кажа суразмоўца.

Перастала хапаць паветра, падскочыў ціск і тэмпэратура

Аляксандар ня ведае дакладна, ці складалі на яго пратакол, ці будзе далей суд. У РАУС у яго ўзялі паказаньні нібыта таму, што ён учыніў дробнае хуліганства, але папераў ён не падпісваў.

Ён запатрабаваў, каб яго завезьлі ў шпіталь на агляд, каб пацьвердзіць, што ён цьвярозы. Кажа, што ён доўга сядзеў у міліцэйскай «каталажцы», яму перастала хапаць паветра, адчуў сябе блага. Падчас агляду Аляксандар сказаў лекару, што кепска сябе адчувае. Лекарка выявіла, што ў яго падскочыў ціск да 180, паднялася тэмпэратура да 37,7. Міліцыянты хацелі забраць мужчыну ў ізалятар, аднак лекарка не дазволіла і шпіталізавала яго.

У Мілюка ўзялі два тэсты на каранавірус, абодва далі станоўчы вынік. Цяпер у яго павышаная тэмпэратура, млявасьць. Мужчына мяркуе, што ён мог заразіцца 26 чэрвеня, калі яго таксама затрымлівалі і вазілі ў шпіталь на агляд, ці ён цьвярозы, бяз маскі. У ягонай жонкі таксама паднялася тэмпэратура, яна перастала адчуваць пахі, вынікаў ейнага тэсту яшчэ няма. Дзецям тэстаў яшчэ не рабілі.

Супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Горадзенскага аблвыканкама Ігар Белазёраў ня змог апэратыўна пракамэнтаваць Свабодзе сытуацыю з затырманьнем Аляксандра Мілюка і параіў зьвярнуцца з афіцыйным запытам.

«Я не адчуваю сябе ў бясьпецы»

26 чэрвеня Мілюка затрымалі за тое, што ён нібыта не спыніўся на знак «Стоп» на чыгуначным пераезьдзе. Пратрымалі 40-50 хвілін і адпусьцілі.

Мужчына згадвае, што за апошні месяц яго з розных прычынаў затрымлівалі 3 разы, судоў потым не было. Ён упэўнены, што гэта перасьлед за ягоную палітычную дзейнасьць. Пра сябе Аляксандар кажа, што на адным месцы ў будаўнічай арганізацыі працуе 13 гадоў, ня п’е, на працы не было раней заўваг. Цяпер, кажа, на працы яго ўсе падтрымліваюць, апрача кіраўніцтва.

«Гэтае беззаконьне мяне дастала. Я Сяргея (Ціханоўскага. — РС) убачыў, зь ім пагаварыў. Убачыў, што ён адкрывае душу, паказвае, як яно папраўдзе… Так я пайшоў у гэтую „Страну для жизни“», — тлумачыць Аляксандар.

Мужчына перажывае за сябе і сям’ю.

«Я не адчуваю сябе ў бясьпецы, зусім. Дзе я апынуся, ці заб’юць, ці прападу, ня ведаю. Што з маёй сям’ёй будзе, я таксама ня ведаю», — прызнаецца Мілюк.

Аднак ён не плянуе адмаўляцца ад сваіх поглядаў.

«Не хачу жыць з гнільлю ў душы, са здрадай. Гэта тое самае, што хлопцам усім здрадзіць, усёй Беларусі здрадзіць», — кажа Аляксандар.

Нядаўна ён напісаў заяву на звальненьне.

«Я хачу жыць, як чалавек. Каб нешта ў краіне памянялася. Пайсьці на ранейшае месца працы, каб зарабляць. Хачу ня быць скотам, жыць у краіне для жыцьця. Атрымліваць, як любы нармальны чалавек. Працуеш-працуеш, а яны 300-350 рублёў кінуць, як сабаку. І думаеш, за што тут пражыць. Жонку, траіх дзяцей і сябе я не магу на 400 рублёў утрымаць», — абураецца мужчына.

Ён плянуе падтрымліваць Ціханоўскую да канца.

«Дыктатуры хаця б у краіне ня будзе. Будзе мама, а ня бацька. А мама заўжды дабрэйшая за бацьку», — тлумачыць ён.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG