Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла, колькі подпісаў здалі і колькі прынялі ў ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты. Некаторыя лічбы разыходзяцца з названымі самімі патэнцыйнымі кандыдатамі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паводле лічбаў ЦВК, якія перадае Tut.by, такую колькасьць подпісаў здалі за патэнцыйных кандыдатаў:
- Аляксандар Лукашэнка — 1 958 800 подпісаў падалі (1 939 572 прынялі, прызнаўшы сапраўднымі);
- Віктар Бабарыка — 367 179 (165 744 прынялі);
- Валер Цапкала — 158 682 (75 249 прынялі);
- Ганна Канапацкая — 151 631 (146 588 прынялі);
- Сяргей Чэрачань — 149 750 (143 109 прынялі);
- Андрэй Дзьмітрыеў — 110 754 (106 841 прынялі);
- Сьвятлана Ціханоўская — 109 479 (104 757 прынялі).
Раней прэс-сакратар Чэрачня Алег Чумакоў пацьвердзіў, што подпісаў здалі менш, чым зарэгістравала ЦВК: каля 106 тысяч. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што «гэта яшчэ адзін доказ таго, што некаторыя прэтэндэнты наогул не кантралююць дзейнасьць сваіх ініцыятыўных групаў».
Другая прэтэндэнтка, Ганна Канапацкая, заяўляла пры падачы дакумэнтаў, што яе каманда сабрала «крыху больш за 110 тысяч подпісаў», а ў ЦВК прызналі сапраўднымі 146 тысяч. І гэта ўлічваючы, што некаторыя камісіі адсеялі частку подпісаў на этапе праверкі. Паводле ЦВК, у Ганны Канапацкай у рэгіёнах 35 тысяч сапраўдных подпісаў. А раней паведамлялі, што за яе паступіла крыху больш за 20 тысяч.
Андрэй Дзьмітрыеў казаў, што яго каманда сабрала болей за 107 тысяч подпісаў, пра якія ён паведаміў журналістам.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.