Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці», — кіраўнік «Белай Русі» Давыдзька


Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

Старшыня праўладнага аб’яднаньня «Белая Русь» Генадзь Давыдзька падчас сустрэчы з актывам Магілёўскай вобласьці папярэдзіў, што ў выпадку «фальшывага выбару» сапраўдныя патрыёты рызыкуюць страціць краіну.

«Электаральная кампанія ў любой краіне — гэта ў прынцыпе складана, — падкрэсьліў Давыдзька. — Асабліва цяпер, на фоне пандэміі. У сьвеце расьце пачуцьцё незадаволенасьці і няпэўнасьці, усе прадчуваюць новыя праблемы. Агульнасусьветная нестабільнасьць балюча б’е па невялікіх краінах, да якіх адносіцца і Беларусь».

На яго думку, у тым ліку і таму правядзеньне электаральнай кампаніі выклікае столькі эмоцый. Таму старшыня «Белай Русі» даў «наказ» калегам годна супрацьдзейнічаць «сацыяльнай агрэсіі».

«Мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным мэдыяўплывам з боку нашых ворагаў, — сказаў ён. — Дарэчы, гэтыя людзі ня хочуць прыйсьці да ўлады. Іх задача — пашумець, унесьці раскол, але пры гэтым ні за што ў выніку не адказваць. Айчынную інтэрнэт-пляцоўку сёньня занялі ворагі дзяржаўнасьці, якія апярэдзілі тут патрыятычныя сілы. Але гэтае поле трэба патроху адваёўваць, захопліваць часова страчаныя пазыцыі».

Генадзь Давыдзька даў «ёмістыя» ацэнкі ўсім тым, хто найбольш «агрэсіўна» спрабуе супрацьстаяць цяперашняму кіраўніку дзяржавы і яго курсу, намінуючыся ў якасьці патэнцыйных кандыдатаў на найвышэйшую пасаду. Паводле яго, неабходныя «прэвэнтыўныя захады», якія дазволяць захаваць краіну і грамадзтва ад самага страшнага — вялікай крыві, паралічу ўлады, развалу эканомікі.

Ён расказаў пра размову з маладымі людзьмі, якія стаялі ў «пратэставым ланцугу» ў цэнтры Менску.

«Вы думаеце, ім патрэбны перамены? — задаўся рытарычным пытаньнем Давыдзька. — Нічога падобнага. Ім не перамены патрэбны, а шоў, варушняк. Гэта проста безадказныя выхаванцы інтэрнэту. Такім людзям варта падказаць, каб яны шукалі праблемы не ва ўладзе, не ў прэзыдэнце, а ў сабе. Магчыма, тады іхнае жыцьцё наладзіцца».

Таксама Генадзь Давыдзька расказаў пра «важнасьць беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту». На яго думку, эўрапейскія суседзі Беларусі гэтай якасьці спрэс пазбаўленыя. І зразумела, што многім такі «палітычны дысананс» не падабаецца.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG