Праваабаронцы канстатуюць рэзкае скарачэньне месцаў для перадвыбарнай агітацыі ў параўнаньні зь мінулымі кампаніямі, што сур’ёзна абмяжоўвае як правы патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, так і правы выбарнікаў.
Такая выснова зьмяшчаецца ў справаздачы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Як адзначаюць назіральнікі, рашэньні аб месцах правядзеньня агітацыйных масавых мерапрыемстваў прынятыя выканкамамі насуперак пазыцыі ЦВК, якая рэкамэндавала вызначаць любыя не забароненыя адрасы. Цяперашнія лякацыі альбо не прыдатныя для такіх мэтаў, альбо мала наведваюцца. Некаторыя знаходзяцца ў дрэннай транспартнай даступнасьці, да іх няма як дабрацца, асабліва выбарнікам старэйшага ўзросту.
Падтрымаў крытыку і адзін з прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду Андрэй Дзьмітрыеў.
«Лічу, што для правядзеньня пікетаў і сустрэчаў з выбарнікамі павінны быць вызначаны тыя ж месцы, якія былі для збору подпісаў. Выканкамы лічаць інакш і прапісалі месцы маланаведвальныя, далёкія ад цэнтру. А недзе наогул ня вызначылі, напрыклад у Фаніпалі. Чарговая насьмешка ўладаў?», — перапытвае палітык.
Андрэй Дзьмітрыеў заявіў, што праз суд абскардзіць рашэньне Менгарвыканкаму з патрабаваньнем выконваць Выбарчы кодэкс: права свабоднага і ўсебаковага абмеркаваньня перадвыбарных праграмаў кандыдатаў, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасьцяў, правядзеньня агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэчаў з выбарнікамі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.