Краму Symbal.by, створаную ўдзельнікамі праекту «Арт Сядзіба», задушылі за T-шоткі з прынтам «3%». «Арт Сядзіба» праславілася ў канцы 2014 году, калі зладзіла першы ў Беларусі Дзень вышыванкі. У 2020 годзе Дзень вышыванкі ў Менску ладзіць 2 ліпеня прадзяржаўная арганізацыя БРСМ.
Сьцісла
- Улада зрабіла «рэйдэрскі» захоп нацыянальнага;
- Уладзе патрэбнае нацыянальнае для мабілізацыі тых, хто Расеі баіцца больш, чым Лукашэнкі;
- Разгром Symbal.by за T-шоткі «3%» — знак усім, што за сьцяжкі палітыкі заскокваць нельга;
- Лукашэнка чарговы раз дэманструе, што кантралюе «паветра» ў краіне — хоча дае, хоча забірае;
- Паводзіны Лукашэнкі правакуюць грамадзка актыўных: ці сыходзьце ў цень, ці радыкалізуйцеся.
Калісьці ўсіх спрэс прыціскалі за нацыянальную сымболіку, цяпер толькі за крытыку Лукашэнкі. Што адбылося цягам апошніх пяці гадоў са стаўленьнем да нацыянальнага з боку ўлады? Дзяржава зрабіла «рэйдэрскі захоп» беларускай нацыянальнай ідэі. Прынамсі калі лічыць, што дзяржава — гэта Лукашэнка.
Першыя тры гады, ад стварэньня ў канцы 2011 году, «Арт Сядзібу» ўлады ў літаральным сэнсе слова ганялі па ўсім Менску, замінаючы наймаць офісы. Але раптам у канцы 2014 году дазволілі. І ня проста дазволілі, а з тым, што грамадзкі асяродак зладзіў Дзень вышыванкі ў Палацы мастацтва. Мне тады падалося, нібы я трапіў на пачатак 1990-х, калі праявы беларушчыны натуральным чынам буялі паўсюль. У 2014-м на імпрэзе быў поўны двухдзённы аншляг.
Што адбылося? Яшчэ раней улады прынялі рашэньне пра курс, які журналісты назвалі «вонкавай беларусізацыяй». А ў 2014-м ва Ўкраіне каторы месяц ужо ішла вайна на Данбасе, а добраахвотна бараніць краіну ішлі менавіта нацыянальна арыентаваныя людзі. Мяркую, беларускія ўлады нездарма вырашылі ўзмацніць гульню ў нацыянальнае. «Расейская пагроза» ня толькі нэўтралізоўвала нацыянальна арыентаваную апазыцыю рэжыму Лукашэнкі, але патэнцыйна мабілізоўвала грамадзян, якія не прымаюць палітыку Лукашэнкі. Бо «свой» Лукашэнка падаваўся меншым злом за Расею.
Сама ўлада нацыянальным займацца ня ўмела. На той момант. Затое ўмела капіяваць грамадзкія ініцыятывы. Некалькімі гадамі раней, напрыклад, паспрабавала пераняць грамадзка-культурную кампанію «Будзьма беларусамі!», якая стартавала ў 2008-м. А ў 2009-м улады запусьцілі сваю кампанію «Беларусь — гэта мы». Як на мой погляд, без асаблівых вынікаў.
А вось з тэмай вышыванак ва ўладаў атрымалася. У траўні 2016-га БРСМ робіць «вышымайкі» адной са сваіх уніформаў. У тым самым годзе 2 ліпеня — напярэдадні Дня Рэспублікі — БРСМ ладзіць свой першы Дзень вышыванкі . «Калі ўжо БРСМ праводзіць „Дзень вышыванкі“, мы мо і ня будзем больш», — кажа дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус. Вось і разгадка легалізацыі «Арт Сядзібы». Уладам трэба было падгледзець, як што рабіць, і забраць тэхналёгію сабе.
Паралельна на розных каналах дзяржТВ адбываюцца дыскусіі па тэме нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец кажа, што ён нацыяналіст.
Апошнія пяць зь лішкам гадоў на тэме нацыянальнага ўлада вырашае дзьве асноўныя задачы:
- Выбівае тэму нацыянальнага з рук грамадзкіх актывістаў, крытычна настроеных адносна ўлады;
- Пераймае тэму для мабілізацыі грамадзян вакол улады.
Для кагосьці і праўда Віктар Бабарыка — стаўленік Расеі, таму большае зло за Лукашэнку.
Тое, што мы назіраем летам 2020 году ў Беларусі, — гэта чарговы «канец дэмакратыі» ад Лукашэнкі, які хоча — дае паветра, хоча — забірае паветра.
Задушэньне Symbal.by — знак усім грамадзкім і камэрцыйным ініцыятывам пра межы дапушчальнага ў сучаснай Беларусі. Займайцеся нацыянальным, культурным, нацыянальна-культурным роўна настолькі, наколькі вашы заняткі не замахваюцца на ўладу.
А ўлада, у сваю чаргу, як бы правакуе: альбо сыходзьце, альбо радыкалізуйцеся.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.