Вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта прынамсі да верасьня ня будзе весьці спартовую рубрыку ў ранішняй праграме АНТ. Кіраўніцтва АНТ кажа, што Станюта «парушыла карпарацыйныя дамоўленасьці». Яе заменіць іншая вядоўца.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Таксама гадзіну-паўтары таму я даведалася ад босаў, што ўсе спартовыя рубрыкі зьнялі. Раней я пра гэта ня ведала», — сказала карэспандэнту Свабоды Меліціна Станюта.
Пра тое, што рубрыкі ня будзе, яна даведалася выпадкова.
«Я ўчора спыталася, калі мы будзем яшчэ рабіць запіс, бо мы іх робім на месяц альбо на больш, але мне сказалі, што да верасьня ня будзем, перапынак. І ўчора я даведалася ад гледачоў, што ў панядзелак ня выйшла праграма, якая ўжо была зьнятая, яна выходзіла штотыдзень. У панядзелак рубрыка была мая, зь іншымі вядоўцамі — у іншыя дні. І толькі сёньня, гадзіну, мабыць, таму мне сказалі, што зьнятыя ўсе спартовыя рубрыкі».
Раней Меліціна Станюта ў сваім Інстаграме адрэагавала на затрыманьні людзей 23 чэрвеня ў чарзе да крамы Symbal.by. Яна напісала: «У дэмакратычных краінах, калі грамадзянін не парушае закон, — ён пад аховай! І што гэта было ўчора?! Стаіш у чарзе ў краму — сядзіш у аўтазаку! Куды падзеўся закон, які нас ахоўвае?»
Ці можа гэта быць зьвязана з такой рэакцыяй на падзеі?
«Я ня ведаю, мне нічога не сказалі да сёньняшняга вечара. Тое, што мне сказалі, — што ўсе такія спартовыя рубрыкі зьнятыя. Я ня ведала. Дзякуй, што сказалі. Мне гэта было непрыемна».
Прэс-сакратар АНТ Ірына Рамбальская сказала карэспандэнту Свабоды, што спартовую рубрыку на тэлеканале пакуль будзе весьці іншая дзяўчына.
«Вы насамрэч вельмі рана паднялі гэтую тэму, бо Меліціна Станюта зьяўляецца нашым штатным супрацоўнікам і працягвае ім зьяўляцца. Адносна рубрыкі пытаньне яшчэ будзе вырашацца. Рубрыка выходзіць, у нас ёсьць іншая вядучая, рубрыка з эфіру ня зьнятая.
Але Меліцінай Станютай былі парушаныя некаторыя дамоўленасьці, карпаратыўная этыка, якая зь ёй агаворвалася яшчэ ў 2018 годзе.
Таму вы бежыце наперадзе паравоза, зь Меліцінай Станютай яшчэ будуць весьціся перамовы: ніякіх рашэньняў ці звальненьняў і блізка няма».
Ірына Рамбальская не адказала на пытаньне, якім чынам Меліціна парушыла карпаратыўную этыку.
«Гэта не мая кампэтэнцыя вам расказваць аб правілах карпаратыўнай этыкі. Яны непасрэдна абмяркоўваліся кіраўніцтвам зь Меліцінай», — сказала прадстаўніца АНТ.
На пытаньне, ці зьвязанае адхіленьне Станюты ад эфіру ў спартовай рубрыцы зь яе пастом у Інстаграме, Рамбальская адказала: «Не, я не магу сказаць, што гэта зьвязана зь яе пастом».
«Пакуль цяжка рабіць нейкія высновы, Меліціна яшчэ не прыходзіла да нас. Абсалютна шараговая сытуацыя, і ніякай праблемы тут няма», — мяркуе прэс-сакратар АНТ Ірына Рамбальская.