«Поўнае „рукі ўгору“». Сямашка расказаў, як Расея дамагалася паглыбленьня інтэграцыі

Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка 1 ліпеня падчас онлайн-брыфінгу расказаў аб прапановах расейскага боку адносна так званага паглыбленьня інтэграцыі, паведамляе БелТА.

Паводле Сямашкі, адна зь іх, зробленая ў 2019 годзе, прадугледжвала перадачу Беларусьсю на наднацыянальны ўзровень 95% паўнамоцтваў.

«Я ўспамінаю 13 лютага 2019 году, калі ў Сочы нам паклалі першую прапанову (ня буду называць аўтараў з расейскага боку). І калі мы паглядзелі і перадалі яе прэзыдэнту, прэзыдэнт запрасіў мяне, і я кажу: ну гэта поўнае „рукі ўгору“» называецца, — расказаў амбасадар. — Я нават ня буду далей эпітэты працягваць, там было: усё аддаць наверх і, па-мойму, заставалася пару момантаў такіх, як у нас міліцыя, у вас паліцыя і гэтак далей. Але так ня можа быць».

Сямашка адзначыў, што перадача паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень павінна адбывацца «ў разумных межах, бяз шкоды сувэрэнітэту», і прывёў у якасьці прыкладу Эўразьвяз.

«Калі прааналізуеш функцыі нацыянальныя і наднацыянальныя, я налічыў толькі 18%, якія аддалі на наднацыянальны ўзровень, астатнія функцыі заставаліся нацыянальнымі, — адзначыў ён. — А ў тым дакумэнце, які нам 13 лютага 2019 году прапанавалі, я налічыў 95% функцый наднацыянальных».

Кажучы пра ўвядзеньне агульнай валюты ў Саюзнай дзяржаве, Сямашка падкрэсьліў, што, незалежна ад памераў эканомік, у адзіным эмісійным цэнтры павінна быць раўнапраўе.

«Калі прымаецца нейкае рашэньне аб эмісіі, дэвальвацыі, то яно павінна прымацца кансэнсусам. Тады не ўшчамляюцца інтарэсы ні аднаго, ні другога боку», — дадаў амбасадар. А падатковае і мытнае заканадаўства апрыёры ў сілу адрозьненьняў у эканоміцы ня могуць быць аднолькавымі, перапісанымі пад капірку — толькі ўніфікаванымі, падкрэсьліў беларускі дыплямат.

​
XS
SM
MD
LG