Сусьветная арганізацыя здароўя 1 ліпеня папярэдзіла пра тое, што пандэмія COVID-19 працягвае ўзмацняцца ва ўсім сьвеце, і дзяржавы павінны выкарыстоўваць комплексны падыход, каб узяць пандэмію пад кантроль, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Генэральны дырэктар САЗ доктар Тэдрас Аданом Гебрэесус сказаў, што на мінулым тыдні ва ўсім сьвеце штодня рэгістравалася больш за 160 тысяч новых выпадкаў заражэньня каранавірусам. Па словах кіраўніка САЗ, 60% усіх выпадкаў заражэньня з пачатку пандэміі COVID-19 было зафіксавана ў мінулым месяцы.
Тэдрас падкрэсьліў, што краінам, якія выкарыстоўвалі «комплексны» падыход да вірусу і задзейнічалі ўсе наяўныя ў іх распараджэньні інструмэнты і рэсурсы, удалося ўзяць вірус пад кантроль зь вялікім посьпехам.
Ён заклікаў улады сусьветных дзяржаў «знаходзіць, ізаляваць, правяраць і клапаціцца пра кожны выпадак; адсочваць і ізаляваць кожны кантакт; экіпіраваць і навучаць работнікаў аховы здароўя, а таксама вучыць і пашыраць магчымасьці насельніцтва ў абароне» ад каранавірусу.
Паводле кіраўніка САЗ, адзін з урокаў гэтай пандэміі заключаецца ў тым, што, «незалежна ад сытуацыі, яе можна зьмяніць [да лепшага]». Ён дадаў, што, хоць пандэмія COVID-19 зьяўляецца навуковай праблемай, яна таксама ёсьць праверкай характару.
«Мы павінны дзейнічаць у інтарэсах глябальнай салідарнасьці і ўсяго чалавецтва ў цэлым. Мы нясём агульную адказнасьць за тое, каб забясьпечыць інструмэнтамі засьцярогі ўсіх людзей, асабліва тых, хто ў найбольшай рызыцы», — дадаў Тэдрас.
Вакцыны няма, але яе спрабуюць стварыць
Ва ўсім сьвеце на сёньняшні дзень каранавірусом заразіліся больш за 10,8 мільёна чалавек, зь іх звыш 519 тысяч памерлі. Ні лекаў ад COVID-19, ні вакцыны ад вірусу SARS-CoV-2, які выклікае гэтую хваробу, пакуль няма. Існуюць толькі тэставыя лекавыя сродкі, якія могуць аказацца эфэктыўнымі, але пакуль няма такога, эфэктыўнасьць якога была б цалкам даказаная.
У блогу на The Washington Post Тэдрас расказваў, што на 1 ліпеня было вядома пра распрацоўку ў розных краінах сьвету 141 патэнцыйнай вакцыны, і лідэраў у распрацоўцы «могуць аддзяляць ад посьпеху месяцы». Гарантыяў таго, што вакцыну сапраўды створаць, няма, дадаў ён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.