Рада Эўрапейскага Зьвязу назвала 14 краін, зь якімі рэкамэндавана адкрыць межы ад 1 ліпеня. Сярод іх няма Беларусі. З краін былога СССР у сьпіс увайшла Грузія.
У зацьверджаным сьпісе — Аўстралія, Грузія, Канада, Марока, Новая Зэляндыя, Паўднёвая Карэя, Руанда, Сэрбія, Тайлянд, Туніс, Уругвай, Чарнагорыя і Японія. Кітай таксама ўвойдзе ў сьпіс пры ўмове, што адкрые свае межы для грамадзян Эўразьвязу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гэты сьпіс будзе пераглядацца кожныя два тыдні. Рэкамэндацыі не абавязковыя для выкананьня, канчатковыя рашэньні прымаюць канкрэтныя краіны Эўразьвязу, якім, зрэшты, «ня варта» адкрываць межы зь не названымі ў сьпісе краінамі «без агульнай каардынацыі».
Кіраўніцтва ЭЗ таксама назвала крытэры, на падставе якіх прымаецца рашэньне аб унясеньні краіны ў сьпіс рэкамэндаваных для адкрыцьця межаў. Гэта адбываецца, калі лічбы штодня выяўленых новых выпадкаў інфікаваньня ў апошнія два тыдні блізкія да назіраных у ЭЗ або ніжэйшыя; лік новых выпадкаў заражэньня застаецца стабільным або падае ў параўнаньні з трэндам папярэдніх двух тыдняў; у краіне робяцца адэкватныя захады дзеля барацьбы з эпідэміяй і ўлады даюць вартую даверу інфармацыю пра яе.
Межы Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзіць большасьць краін Эўразьвязу, былі закрытыя ў сувязі з пандэміяй у сярэдзіне сакавіка. Шмат якія краіны ЭЗ, акрамя таго, закрылі і свае ўнутраныя межы або сур'ёзна абмежавалі магчымасьць іх перасячэньня. Пазьней шмат якія краіны Шэнгенскай зоны адкрылі ўнутраныя межы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ