Вярхоўная камісарка Арганізацыі абʼяднаных нацый Мішэль Бачэлет выступіла на сэсіі Рады ў правах чалавека ААН у Жэнэве.
Яна заявіла, што пандэмія COVID-19 выявіла няроўнасьць і пагоршыла сытуацыю з правамі чалавека ў многіх краінах.
У якасьці адмоўнага прыкладу Бачэлет прывяла сытуацыю ў Беларусі. Яна адзначыла, што ў Беларусі і шэрагу іншых краін (Бразыліі, Бурундзі, ЗША і Танзаніі) часта гучалі заявы, якія «прымяншаюць сурʼёзнасьць пандэміі і спрыяюць палярызацыі грамадзкай думкі ў ключавых пытаньнях». На думку прадстаўніцы ААН, гэта падрывае намаганьні, якія могуць супрацьстаяць распаўсюду інфэкцыі і ўмацаваць сыстэмы аховы здароўя, і таму можа прывесьці да росту захворваньняў на COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Мішэль Бачэлет нагадала пра цяжкае становішча з хваробай у турмах і заклікала ўлады задумацца пра альтэрнатыўныя меры пакараньня. Раней яна ня раз рэкамэндавала ўрадам па магчымасьці выпускаць зьняволеных на волю, каб прадухіляць распаўсюд інфэкцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ