Ахвяры дамаганьняў галівудзкага прадусара Гарві Вайнштэйна атрымаюць каля 19 мільёнаў даляраў у якасьці кампэнсацыі. Пра гэта паведаміла генэральная пракурорка штату Нью-Ёрк Летыша Джэймс. Сума будзе выплачана збанкрутаванай кампаніяй Гарві Ванштэйна і ягонага брата Робэрта.
Раней з абвінавачваньнямі на адрас прадусара выступілі каля 80 жанчын. Колькі менавіта з іх атрымаюць кампэнсацыі, не паведамляецца.
Сёлета ў сакавіку суд у Нью-Ёрку прысудзіў Гарві Вайнштэйну 23 гады турэмнага зьняволеньня па абвінавачваньнях у сэксуальным гвалце. Журы прысяжных у лютым прызнала Вайнштэйна вінаватым у сэксуальным гвалце па двух пунктах абвінавачваньня з пяці. Ён быў апраўданы па двух найбольш сур'ёзных пунктах абвінавачваньня.
Увосень 2017 году дзесяткі жанчын пачалі абвінавачваць Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганьнях рознага кшталту. Сярод тых, хто заявіў пра дамаганьні Вайнштэйна, — кіназоркі Анджэліна Джалі, Сальма Гаек, Гвінэт Пэлтраў і Эшлі Джад.
Вайнштэйн здаўся паліцыі ў траўні 2018 году і быў вызвалены пад заклад.
Пасьля справы Вайнштэйна зьявілася шмат публічных абвінавачваньняў у адрас іншых вядомых мужчын, што прывяло да пачатку сусьветнай кампаніі супраць сэксуальных дамаганьняў пад хэштэгам #MeToo.