Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК абяцае паказаць забракаваныя подпісы. Але толькі самому прэтэндэнту


Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына
Ілюстрацыйнае фота. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Рэкардсмэны па «забракаваных» подпісах — Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Ганьне Канапацкай і Сяргею Чэрачню ЦВК залічыла амаль на траціну больш подпісаў, чым тыя лічбы, якія называлі самі прэтэндэнты.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Свабода высьвятляла, як такое магло адбыцца. І даведалася, што скаргі штабу Віктара Бабарыкі ЦВК можа не разглядаць. Бо ён у СІЗА, а з вынікамі праверкі мае права азнаёміцца толькі прэтэндэнт асабіста.

ЦВК: «У асноўным адхіляюць подпісы з прычыны тэхнічных памылак»

Штаб Бабарыкі паведамляў, што сабраў амаль 435 тысяч подпісаў, а здаў 365 тысяч. Сапраўднымі прызналі 165 744 подпісы. Прычым усе подпісы, сабраныя за Віктара Бабарыку ў найбуйнейшым па колькасьці жыхароў Фрунзенскім раёне сталіцы, а таксама ў Ленінскім раёне Магілёва, у Магілёўскім сельскім раёне, у Кастрычніцкім раёне Горадні — не залічаныя. Штаб накіраваў ужо 11 скаргаў у ЦВК, нягледзячы на тое, што подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты ў Віктара Бабарыкі хапае.

Штаб Валера Цапкалы заяўляў, што здаў 160 тысяч подпісаў пры сабраных 212 тысячах. Сапраўднымі прызналі 75 249 подпісаў, аднак для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты неабходна 100 тысяч.

Прычым «адсейвалі» подпісы таксама даволі дзіўна, паведаміў кандыдат у кандыдаты ў прэзыдэнты Валер Цапкала 1 ліпеня на прэсавай канфэрэнцыі.

«У Горадні два раёны — Ленінскі і Кастрычніцкі. Збор подпісаў ішоў толькі ў Ленінскім раёне, дзе адзін і той жа чалавек за адным і тым жа сталом фіксаваў жыхароў Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў. У выніку атрымалася, што па Кастрычніцкім раёне ў нас колькасьць подпісаў, якія прызнаныя несапраўднымі, складае 1,8%, а па Ленінскім — 16%. Гэта выклікае нейкае зьдзіўленьне ў нас і кажа пра тое, што падлік вёўся некарэктна», — заявіў Валер Цапкала.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у ЦВК. Намесьнік начальніка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы Іван Таўкач заявіў, што яму цяжка рабіць высновы, як такое можа быць.

«Я магу толькі меркаваць. Але гэта не азначае, што калі подпісы зьбірае адзін чалавек, у яго павінен быць аднолькавы працэнт „выбракоўкі“. Бо ў асноўным адхіляюць подпісы з прычыны тэхнічных памылак: дзесьці дату забываюцца паставіць уласнаручна, хтосьці пераблытаў раён гораду.

Прызнаньне подпісу несапраўдным ня кажа, што дадзены грамадзянін не падпісаўся, што ягоная воля іншая. Але ёсьць патрабаваньні заканадаўчыя. Калі ёсьць памылкі тэхнічныя — подпісы прызнаюцца несапраўднымі», — растлумачыў прадстаўнік ЦВК Іван Таўкач.

У сталіцы найбольш подпісаў сабрала Канапацкая

А вось Ганна Канапацкая і Сяргей Чэрачань напярэдадні заяўлялі пра меншую колькасьць подпісаў, здадзеных у камісіі. У Канапацкай прызналі 146 588 подпісаў (пры 110 тысячах заяўленых), у Чэрачня — 143 109 (штаб заяўляў пра 106,5 тысячы здадзеных).

29 чэрвеня Ганна Канапацкая сказала карэспандэнту Свабоды, што сабрала 110 тысяч подпісаў.

ЦВК ж залічыла ёй 146 588 подпісаў. Калі меркаваць, што пэўны працэнт «забракавалі», то атрымліваецца: здадзена было яшчэ больш.

Па Менску, паводле ЦВК, Ганьне Канапацкай удалося сабраць 126 262 сапраўдныя подпісы. І гэта рэкорд сярод усіх альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

У Першамайскім раёне за Канапацкую падпісаліся ў 6 разоў больш, чым у Маскоўскім

Праваабаронцы, якія назіраюць за выбарамі, маюць зьвесткі аб колькасьці подпісаў у падтрымку Ганны Канапацкай у трох самых буйных па колькасьці жыхароў раёнах сталіцы.

  • Першамайскі — 20 744
  • Фрунзенскі — 16 900
  • Маскоўскі — 3346

Свабодзе не ўдалося атрымаць афіцыйныя лічбы з раённых камісій, колькі подпісаў залічана за Канапацкую. Адказы былі прыкладна аднолькавыя: «Хутка ўсю інфармацыю мы разьмесьцім на сайце».

Калі ў трох раёнах у Ганны Канапацкай прызналі 42 238 подпісаў, атрымліваецца, што яшчэ ў пяці раёнах яна павінна была б сабраць 84 тысячы, або амаль па 17 тысяч у кожным раёне сталіцы.

Па Гомельскай вобласьці ў Ганны Канапацкай 2868 подпісаў. У Цэнтральным раёне Гомля ў яе прызналі 224 подпісы. А ў Савецкім раёне Гомля ў 5 разоў менш — толькі 45. Атрымліваецца, што ў астатніх двух раёнах гораду плюс іншых раёнах вобласьці прэтэндэнтка мусіла падаць 2599 подпісаў. Пры гэтым у Мазыры забракавалі ўсе подпісы за Канапацкую, а ў Сьветлагорску ўсе 710 подпісаў прызналі сапраўднымі.

Сама Ганна Канапацкая адмовілася пракамэнтаваць Свабодзе, як такое атрымалася. У камэнтары Tut.by Канапацкая сказала, што 110 тысяч подпісаў, якія яна агучыла ў размове з журналістамі, гэта толькі здадзеныя «ўласнаручна». Маўляў, насамрэч яе каманда сабрала значна больш.

У ЦВК Свабодзе сказалі, што яны не адказваюць за заявы прэтэндэнтаў у кандыдаты.

«Заявы прэтэндэнтаў — ня наша пытаньне. Подпісы здаюць каардынатары — іх да 150 чалавек. Я цалкам магу дапусьціць, што дзесьці ў іх узьнікла няўзгодненасьць. Гэта пытаньні да ініцыятыўнай групы. Мы дапускаем, што кіраўнік ініцыятыўнай групы і асоба, якая вылучаецца, не заўсёды могуць ведаць дакладную колькасьць подпісаў. Таму пра тое, што яны заяўляюць, — гэта пытаньні да іх. А тое, што публікуем мы, атрымліваем з дадзеных, якія падаюць рэгіёны, ніжэйстаячыя камісіі», — патлумачыў Іван Таўкач.

Ці будуць разглядаць скаргі штабу Бабарыкі, пакуль невядома

У ЦВК ужо паступілі першыя скаргі. Прычым і з выбарчых штабоў, і ад грамадзян, якія хочуць ведаць, ці залічаныя іх галасы. Іван Таўкач патлумачыў, што шукаць асобныя галасы грамадзян ЦВК ня будзе, і ня толькі таму, што гэта вельмі складана тэхнічна.

«Што тычыцца зваротаў грамадзян, якія лічаць, што іх подпісы прызнаныя несапраўднымі, заканадаўча працэдура не прадугледжаная. Камісія не абавязаная шукаць ваш подпіс», — кажа прадстаўнік ЦВК.

Што да скаргаў штабоў і кандыдатаў у кандыдаты ў прэзыдэнты, то, як патлумачыў Іван Таўкач, азнаёміцца з вынікамі праверкі скаргі можа толькі асоба, якая вылучаецца кандыдатам.

«То бок спадар Цапкала, які не набраў неабходнай для рэгістрацыі колькасьці подпісаў, можа зьвярнуцца з заявай, што ён хоча азнаёміцца з вынікамі праверкі. Мы запатрабуем падпісныя аркушы і яго азнаёмім — і з высновамі экспэртаў, і пакажам самі аркушы.

Што да Бабарыкі, пакуль я не гатовы адназначна сказаць, ці будуць разглядаць скаргі ягонага штабу. Але ж Бабарыка неабходную колькасьць подпісаў набраў», — кажа Іван Таўкач.

Пакуль арыгіналаў падпісных аркушаў у ЦВК няма. Яны яшчэ ў тэрытарыяльных камісіях.

«Самі падпісныя аркушы прыйдуць зь невялікім спазьненьнем. Літаральна сёньня-заўтра праходзяць паседжаньні абласных і Менскай гарадзкой выбарчых камісій, на якіх будуць прынятыя выніковыя пратаколы па праверцы подпісаў, і потым гэтыя пратаколы прыйдуць у ЦВК ад тэрытарыяльных камісій, якія правяралі подпісы. Пакуль у нас ёсьць толькі дакумэнтальна пацьверджаныя лічбы».

Грамадзкасьць, СМІ горача абмяркоўваюць дзіўныя суадносіны колькасьці пададзеных і прынятых подпісаў у Ганны Канапацкай і Сяргея Чэрачня. Ці можа ЦВК самастойна ініцыяваць праверку?

«Казаць, што ў іх ня тая колькасьць подпісаў — гэта значыць прызнаць, што камісіі няправільна адбіралі падпісныя аркушы на праверку. Такога ня можа быць. У нас строгі ўлік. Калі іх правяраць зноў — атрымаюцца няроўныя ўмовы праверкі. Я такога нават не дапускаю», — заявіў Іван Таўкач.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG