Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абуральна, што ў нас у Менску скралі 62% подпісаў» — каардынатарка штабу Бабарыкі Марыя Калесьнікава


Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Каардынатарка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава зьвяртае ўвагу, што галасы амаль 200 тысяч грамадзян не залічаныя, іх пазыцыі праігнараваныя.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Гэта азначае, што ўлада проста плюе ў твар грамадзянам, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў.

Усе ведаюць, гэтая інфармацыя ёсьць у нас на сайце, — у нас была шматступеньчатая сыстэма вэрыфікацыі подпісаў. Мы можам адказаць за сапраўднасьць кожнага подпісу. Мы перакананыя, што людзі, якія зьбіралі подпісы, прыклалі шмат намаганьняў, каб усе подпісы былі правільныя, дакладныя, вывераныя. І 62% па Менску забракавалі! А варта нагадаць, што мы ня ўсе сабраныя подпісы змаглі фізычна перадаць у камісіі з прычыны тых падзей, якія разгарнуліся два тыдні таму. Мы перадалі 360 тысяч, а насамрэч сабралі больш за 434 тысячы.

Гэта абуральна, гэта прыкмета асаблівай непавагі да грамадзянаў і да іх волевыяўленьня», — перакананая Марыя Калесьнікава.

Што тычыцца подпісаў, сабраных за Валера Цапкалу, сытуацыя падобная да сытуацыі з подпісамі за Віктара Бабарыку.

«Вельмі вялікі працэнт забракаваных — гэта ня можа быць праўдай. Столькі подпісаў ня можа быць забракавана, бо мы часьцяком зьбіралі подпісы побач — за Бабарыку, Ціханоўскую і Цапкалу. І бачылі чэргі да іх зборшчыкаў, і дакладнасьць і ўважлівасьць, зь якімі яны працавалі», — кажа Калесьнікава.

Сытуацыю з Ганнай Канапацкай і Сяргеем Чэрачнем, якія самі заяўлялі пра значна меншую колькасьць подпісаў, чым прызнала ЦВК, Калесьнікава пакуль не гатовая камэнтаваць.

«Самі кандыдаты казалі пра істотна меншую колькасьць — Канапацкая пра 110 тысяч, Чэрачань — пра 106 тысяч. Гэта проста несур’ёзна», — мяркуе яна.

Штаб Віктара Бабарыкі будзе аспрэчваць рашэньні тэрытарыяльных камісій аб прызнаньні подпісаў цэлых раёнаў несапраўднымі.

«Мы ня будзем з гэтым мірыцца. Мы ўчора на сайце апублікавалі форму. Кожны грамадзянін, які лічыць, што яго подпіс не прызнаны альбо ня ўлічаны, можа накіроўваць скаргу ў ЦВК, каб тыя адказалі, куды падзеліся галасы.

Дый мне наагул цікава, як у такі кароткі тэрмін наагул маглі праверыць такую колькасьць галасоў?» — выказвае зьдзіўленьне Марыя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG