Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына патлумачыла, адкуль у Чэрачня дадатковыя подпісы, і адрэагавала на непрызнаньне подпісаў за Цапкалу


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Гэта яшчэ адзін доказ таго, што некаторыя прэтэндэнты наогул не кантралююць дзейнасьць сваіх ініцыятыўных групаў», — заявіла БелаПАН старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына аб сытуацыі з колькасьцю подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Чэрачня.

Пасьля заканчэньня збору подпісаў сам Чэрачань паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала 106,5 тысячы подпісаў. Аднак ЦВК за яго кандыдатуру прызнаў сапраўднымі 143 109 подпісаў.

«ЦВК мае толькі зьвесткі, якія ёй паведамляюць ніжэйшыя камісіі. А тыя бяруць зьвесткі з падлікаў подпісаў, якія паступілі, — сказала Ярмошына. — Прыпісаць нешта кіраўніку, скажам так, апазыцыйнай партыі — гэта поўная недарэчнасьць. Маем толькі тое, што перададзена нам зьнізу, а нізавыя камісіі маюць тое, што сабралі ў каардынатараў».

Ярмошына выказала здагадку, што хто-небудзь з каардынатараў ініцыятыўнай групы здаў подпісы і не праінфармаваў пра гэта Чэрачня. Праблема ёсьць са справаздачнасьцю ўнутры групы самога прэтэндэнта, сказала яна.

На пытаньне, ці такая ж сытуацыя з Ганнай Канапацкой, якая раней заявіла, што здала 110 тысяч подпісаў, а ў выніковай справаздачы ЦВК паказана 146 588 сапраўдных подпісаў, Ярмошына адказала:

«Уласна кажучы, калі ўсё на ўзроўні самадзейнасьці, калі ў групе тысяча чалавек і яны працуюць „за бясплатна“, то, натуральна, заўсёды могуць быць праблемы зь перадачай інфармацыі і справаздачнасьцю».

Лідзія Ярмошына не змагла патлумачыць, чаму адбыўся вялікі адсеў подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

Штаб Бабарыкі паведамляў пра збор амаль 435 тысяч подпісаў і здачу 365 тысяч. Прызналі сапраўднымі 165 744 подпісы. Штаб Цапкалы заяўляў аб здачы 160 тысяч подпісаў пры сабраных 212 тысячах. Сапраўднымі прызналі 75 249 подпісаў, тады як для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты неабходна 100 тысяч.

«Нічога не магу сказаць, — адказала Лідзія Ярмошына. — Нашы абласныя выбарчыя камісіі, Менская гарадзкая камісія падвядуць вынікі і потым зробяць даклад 14 ліпеня падчас паседжаньня Цэнтарвыбаркаму пры рэгістрацыі кандыдатаў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG