Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў адхіляюць па ўсёй краіне. Мінус усе за Бабарыку ў Барысаве, мінус усе за Цапкалу ў Барысаве і Горадні

абноўлена

Збор подпісаў за Валера Цапкалу, архіўнае фота
Збор подпісаў за Валера Цапкалу, архіўнае фота

На паседжаньнях у тэрытарыяльных камісіях па выбарах прэзыдэнта Беларусі 29 чэрвеня адхілілі дзясяткі тысяч подпісаў за Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. 30 чэрвеня паступаюць новыя зьвесткі пра адхіленьне подпісаў. Свабода сочыць за разьвіцьцём сытуацыі.

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У штабе Цапкалы заявілі пра 38 тысяч забракаваных подпісаў

У штабе Валерыя Цапкалы ведаюць пра 38 тысяч забракаваных подпісаў, паведамляе Tut.by. Агулам Цапкала падаў на рэгістрацыю 160 тысяч подпісаў.

Вядома таксама, што ў Чыгуначным раёне Віцебску за Віктара Бабарыку прызналі несапраўднымі 1508 подпісаў.

У Віцебскай вобласьці адхілілі палову подпісаў за Бабарыку і Цапкалу

Абласная камісія Віцебскай вобласьці падсумавала вынікі праверкі подпісаў па раёнах вобласьці.

Па ўсёй Віцебскай вобласьці прызналі сапраўднымі толькі палову подпісаў за Бабарыку і Цапкалу. Вось так выглядае падсумаваньне праверкі подпісаў ад абласной камісіі:

  • Віктар Бабарыка: падалі 23 952 подпісы, прызналі сапраўднымі 11 495
  • Вапер Цапкала: падалі 7547 подпісаў, прызналі сапраўднымі 3620
  • Аляксандар Лукашэнка: падалі 217 367 подпісаў, прызналі сапраўднымі 215 840
  • Сьвятлана Ціханоўская: падалі 10 976 подпісаў, прызналі сапраўднымі 10 726
  • Сяргей Чэрачань: падалі 20 063 подпісы, прызналі сапраўднымі 18 734
  • Ганна Канапацкая: падалі 7931 подпіс, прызналі сапраўднымі 7650

Горадня: мінус 6527 у Цапкалы, мінус 208 у Дзьмітрыева

На паседжаньнях выбаркамаў у Горадні, піша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», адхілілі подпісы за Цапкалу, Дзьмітрыева і Бабарыку.

У Ленінскім раёне паведамілі пра выяўленьне больш як 15% несапраўдных подпісаў за Валера Цапкалу і Андрэя Дзьмітрыева. Адхілілі, адпаведна, усе 6527 за Цапкалу і 208 за Дзьмітрыева. Прынялі подпісы за Аляксандра Лукашэнку (32 584), Сяргея Чэрачня (4890), Віктара Бабарыку (4670), Сьвятлану Ціханоўскую (2420) і Ганну Канапацкую (208).

Раней было вядома, што ў Кастрычніцкім раёне Горадні прызналі недакладнымі 7268 подпісаў за Бабарыку і 346 за Дзьмітрыева. Прынялі подпісы за Лукашэнкку (51 712), Цапкалу (9399), Ціханоўскую (3382), Чэрачня (1751), Канапацкую (145). Несапраўдныя подпісы выяўлялі ва ўсіх іх, у тым ліку за Лукашэнку не прынялі 79 подпісаў, пасьля праверылі яшчэ 23% з 52 тысяч і прызналі 4,3% з гэтага ліку несапраўднымі.

Першамайскі раён Менску: прайшлі ўсе подпісы

У Першамайскім раёне Менску прынялі подпісы ва ўсіх патэнцыйных кандыдатаў. За Лукашэнку прызналі сапраўднымі 36 392 подпісы і адхілілі 4; за Канапацкую — 26 733 / 10; за Бабарыку прызналі 14 660 і адхілілі 172; за Цапкалу — 7764 / 179; за Дзьмітрыева — 7109 / 5; за Чэрачня — 4749 / 30; за Ціханоўскую — 2580 / 29.

Барысаў: адхілілі ўсе за Бабарыку і Цапкалу

Паводле Ex-press.by, у Барысаве забракавалі ўсе подпісы за Бабарыку і Цапкалу. Колькі менавіта адхіленых подпісаў, не ўдакладняецца. Вядома, што на праверку бралі 1553 подпісы за Бабарыку і зь іх прызналі несапраўднымі 414; таксама праверылі 898 за Цапкалу і зь іх 234 прызналі несапраўднымі. З правераных 4336 подпісаў за Лукашэнку выявілі толькі адзін несапраўдны.

Будзе дапоўнена

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG