Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыкі» для каманды Бабарыкі болей ня будзе — будзе дысыдэнцтва


Ілюстрацыйнае фота. У КДБ не прынялі 31 тысячу подпсіаў за вылучэньне Віктара Бабарыкі ў прэзыдэнты, якія прынесьлі сябры яго ініцыятыўнай групы. 19 чэрвеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. У КДБ не прынялі 31 тысячу подпсіаў за вылучэньне Віктара Бабарыкі ў прэзыдэнты, якія прынесьлі сябры яго ініцыятыўнай групы. 19 чэрвеня 2020 году

Подпісы за Віктара Бабарыку ўлада бракуе дзясяткамі тысяч. Відавочна, што зьняволены экс-банкір у «выбарчую гонку», найверагодней, ужо не трапляе. У сацсетках бачу ў многіх прыхільнікаў «альтэрнатыўнага прэтэндэнта» на прэзыдэнцтва шок і расчараваньне. Відавочна, упершыню ў жыцьці, бо перад тым людзі назіралі за «палітыкай» збоку.

Бачу маналёгі і дыялёгі ўмоўных «бабарыкаўцаў» і «старой апазыцыі». То бок нэафітаў у грамадзкай актыўнасьці і людзей, якія бралі ўдзел у папярэдніх калявыбарчых справах: ад назіраньня на выбарчых участках да акцыяў пратэсту. Самая вядомая зь якіх — Плошча’2010. З брутальным разгонам мірных людзей, сотнямі затрыманьняў і наступнымі рэпрэсіямі супраць грамадзкіх арганізацый ды ініцыятываў.

Пасьля Плошчы’2010 былі маўклівыя акцыі пратэсту і акцыі «дармаедаў», але без актыўнага ўдзелу «старых» грамадзкіх лідэраў.

І вось перадвыбарчыя падзеі 2020 году. Нэафіты троху з пагардай адгукаюцца пра «старых», маўляў, рабілі абы-што, а «мы вось зараз пакажам, як трэба ісьці на выбары». Старыя парыруюць: маўляў, дзе вы былі раней? Але добра, што хоць цяпер падключыліся да грамадзкага супрацьстаяньня. Нэафіты: «Якое супрацьстаяньне? У нас выбары». Старыя: «У вас будуць падман і рэпрэсіі, а ня выбары».

Рэпрэсіі пачаліся раней, чым шмат хто думаў. На канец чэрвеня маем палітзьняволеных. Галоўных апанэнтаў Лукашэнкі — Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага — ды іх паплечнікаў. Ідзе паляваньне на мэдыяактывістаў ды ўсіх, хто падтрымлівае альтэрнатыву Лукашэнку. І як вішанька на торце — дзясяткамі тысяч бракуюцца подпісы за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

Нават новая сэмантыка паўстала. Старыя апанэнты Лукашэнку — «апазыцыйныя», а новыя — «альтэрнатыўныя», хоць вынік той самы, што раней: рэальных канкурэнтаў у Лукашэнкі ў легальным полі ня будзе.

У сацсетках нэафіты пытаюцца: «Што рабіць?»

Адказ пакуль не генэруецца, бо рыхтаваліся да выбараў, а не да супрацьстаяньня.

На мой погляд, у тых дзясяткаў тысяч людзей, якія ў 2020 годзе ўпершыню далучыліся да грамадзянскай актыўнасьці, і ў тых сотняў тысяч людзей, якія адчулі магчымасьці пераменаў, ёсьць некалькі варыянтаў для найбліжэйшай будучыні.

Хтосьці расчаруецца і замкнецца ў сваёй псыхалягічнай норцы.

Хтосьці падумае наагул пра эміграцыю.

Хтосьці будзе працягваць назіраць з надзеяй на перамены.

А хтосьці зразумее, што ў Беларусі даўным-даўно няма «палітыкі». У Беларусі ёсьць узурпацыя ўлады і дыктатура невялікай групы людзей.

А таму трэба разумець, што ў Беларусі хоць якая грамадзянская актыўнасьць, скіраваная на замену першага прэзыдэнта на патэнцыйнага другога, ёсьць дысыдэнцтвам.

Што для «органаў» вы адразу робіцеся «оппозиционно настроенным лицом».

Але калі вы застаняцеся ў полі грамадзянскай актыўнасьці, значыць, грамадзянская супольнасьць у Беларусі пабольшае.

Без падзелу на старых і новых, на апазыцыйных і альтэрнатыўных.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG