Крысьціна Шыянок, Прага
Учора ў Празе больш за 300 чалавек удзельнічалі ў акцыі салідарнасьці. Хоць першапачаткова мы падавалі заяўку на 30 асобаў. За дзесяць гадоў у Чэхіі не прыгадаю такой колькасьці ўдзельнікаў. Людзі ехалі зь іншых гарадоў — Брно, Оламаўц, Плзэнь... Прыехалі беларусы са Славаччыны і Нямеччыны.
Сярод нас былі ня толькі «палітычныя», хто пацярпеў ад рэжыму і знайшоў прытулак у Чэхіі. Далучыліся беларусы і беларускі, якія ў Чэхіі працуюць ці навучаюцца, стала ці часова.
Я, бадай, упершыню адчула, што мы ня меншасьць, а большасьць. Нават калі нас і не 97%. Зьнітаванасьць, якую людзі нарэшце асэнсавалі, — гэта нешта неверагоднае.
Арганізавалі ці самаарганізаваліся?
Некаторыя пасьпелі падумаць, што за ўсім гэтым нехта стаіць. Не. Гэта ня нейкі лідэр ці лідэрка ўсіх арганізавалі, гэта беларусы самаарганізаваліся.
Акцыі салідарнасьці адбываюцца ў самых розных частках сьвету. Беларусы замежжа ствараюць онлайн-суполкі і чаты. Удзельнікі гэтых суполак дзеляцца ідэямі, абменьваюцца плянамі і каардынуюць працу паміж сабой.
У мяне адбыўся паказальны дыялёг зь сяброўкай-беларускай зь Нямеччыны: «— Слухай, у вас там у Мюнхэне акцыя салідарнасьці будзе. На Marienplatz. Мне тут напісалі. — Гэта ты мне расказаць вырашыла? Я адным з ініцыятараў была».
Нам дапаможа ня сонца, а салідарнасьць
Як акцыі салідарнасьці за мяжой дапамогуць тым, хто цярпіць у Беларусі? Такія пытаньні даводзіцца чуць часта. Раней я заўсёды згадвала зборы сродкаў для рэпрэсаваных. Беларусы замежжа заўсёды прычыняюцца, а часам самі ініцыююць такія зборы. Але тут праява чагосьці больш значнага і істотнага. Салідарнасьці.
Сёньня менавіта салідарнасьць і ёсьць тым крухмалам, якога не хапала, каб трымалася супольнасьць. А без крухмалу, як вядома, не трымаюцца нават дранікі. Нездарма асноўнай формай народнага пратэсту сталі ланцугі салідарнасьці.
«За вашу і нашу свабоду»
Учора на праскім пікеце салідарнасьці я стаяла з плякатам, на якім было напісана «За вашу і нашу свабоду». Лёзунг вядомы з дэманстрацыі васьмі савецкіх дысыдэнтаў. Яны выйшлі зь ім на знак пратэсту супраць увядзеньня ў Чэхаславаччыну войскаў краінаў Варшаўскай дамовы.
Беларусы і беларускі выходзяць на пікет у Чэхіі або іншай краіне, перадусім за свабоду 9,5 мільёнаў, што засталіся ў Беларусі. Ад яе залежыць і свабода тых 3 мільёнаў, што жывуць за мяжой.
Бяз вашай свабоды ня будзе нашай свабоды. Мы з вамі. Мы разам. Мы салідарныя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.