Уся Старамесцкая плошча ў Празе сёньня была беларускай. Сюды прыйшлі некалькі сотняў дэманстрантаў. Па-беларуску, па-чэску, па-ангельску яны патрабавалі свабоды палітвязьням, зьняволеным за салідарнасьць грамадзянам і блогерам Беларусі.
Сярод іх партрэтаў быў і твар Ігара Лосіка, няштатнага кансультанта Свабоды, які раней стажыраваўся ў Празе, будучы стыпэндыятам праграмы імя Вацлава Гаўла.
Утварыўшы кола, якое атачыла цэлую плошчу, людзі гаварылі ў вольны мікрафон, сьпявалі, выказвалі свае патрабаваньні: «Спыніць дыктатуру ў Беларусі», «Выбары, а не вайна з уласным народам», «Мы хочам жыць у Беларусі як за мяжой». Многія мелі пры сабе таксама тапкі і плякаты «Стоп таракан!»
Напярэдадні стала вядома, што беларускае пасольства ў Чэхіі не ўключыла ў мясцовую выбарчую камісію ніводнага з прадстаўнікоў дыяспары. Сюды паспрабавалі прайсьці праз вылучэньне групай грамадзян юрыст Сяргей Кастрама і дактарантка Ірына Лянько. Абмяркоўваць свае пляны, якім чынам удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у выбарах, беларусы будуць сёньня пазьней увечары на «палітычным пікніку».
Арганізаваліся беларусы праз сацыяльныя сеткі, у прыватнасьці, гэтым разам ініцыятарам і заяўнікам пікету стала група ў Фэйсбуку BLR/ČR.