Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Севярынец: Ня трэба крыўдаваць і высьвятляць, хто з нас большы змагар


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Пасярод цяперашняга багатага на падзеі часу ёсьць адзін ня самы важны, але добра прыкметны трэнд: нявострае, аднак упартае супрацьстаяньне старых і новых пратэстоўцаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Усё як заўсёды: старыя бурчаць, што ўсё робіцца ня так, ня тымі людзьмі і ня тымі сродкамі, маладыя кідаюць у твар старым крыўднае «А што рабілі вы ўсе гэтыя дваццаць шэсьць гадоў». Старыя звыкла шукаюць руку Масквы, агентаў КДБ і лялькаводаў, маладыя абураюцца і кажуць, што ўсё само.

Зьява не ўнікальная ані ў палітычных абставінах, ані ў простых чалавечых. Успомніце хаця б, як у межах адной сям’і хто-небудзь з маладых возьмецца перабудоўваць старую дачу. Навязе новых, сучасных матэрыялаў, прыдумае сабе які «скандынаўскі мінімалізм» ці што там у іх сёньня носяць, і давай бурыць. А маці з бацькам бегаюць навокал, хапаюцца за старое бярвеньне і галосяць: я тут вас чацьвярых выгадаваў, у людзі вывеў, я тут кожную цаглінку ведаю, о тут ня вытрымае, о тут прасядзе, і наогул кыш адсюль, мы самі!

У гісторыі, на жаль, адбываецца тое самае. Дастаткова ўспомніць наш распаўсюджаны міт пра тое, што беларусы цярпліўцы, ніколі за сваю будучыню не змагаліся, гнулі сьпіны перад панамі і прызвычайваліся дыхаць і жыць нават на шыбеніцы. Кожнае новае пакаленьне пратэсту пачынала з таго, што адмаўляла папярэдняе. Повязь паміж старымі і маладымі; нітачка, што зьвязвала тых і гэтых, заўсёды вілася так тоненька, так няпэўна, што вымяралася лічанымі людзьмі. Ну і гэтак па коле.

А між тым усе пратэстоўцы падобныя адзін да аднаго як дзьве кроплі вады. І старыя, і маладыя пачыналі з рамантыкі і агульных прыгожых словаў. І тыя, і другія абагаўлялі сваіх лідэраў. І тыя, і тыя стаялі на плошчах і пад сьценамі турмы. І тыя, і другія расчароўваліся, стамляліся, сьціскалі зубы і працягвалі біцца ў муры.

Такія пратэставыя настроі, якія мы маем сёньня, ніколі не бяруцца «раптам». Не, вядома, асобным людзям можа здавацца, што раней усе, як і яны, былі па-за палітыкай, а цяпер раз і — калі мы сталі актыўнымі, тады і ўсё стала актыўным.

Гэта ня так. 97% пратэстовага электарату заўсёды сьпее, і сьпее гадамі, і яны павінны мець пункты, месцы канкрэтнага прыкладаньня свайго пратэсту. Плошчы, вуліцы, пікеты, сьцяг, песьні, арнамэнты, мэмы, культурны код. Дом будуецца на падмурках, пратэст вырастае з насеньня, насыпанага з папярэдніх каласоў. Нічога не бярэцца ніадкуль. Але спытайцеся ў зерня, ці ўсьведамляе яно, што яшчэ ўчора сядзела ў калосьсі. Ды ніколі. Кожнае зерне думае, што яно і ёсьць пачатак сусьвету.

А таму ня трэба крыўдаваць і высьвятляць, хто з нас большы змагар, хто што так ці ня так рабіў ці робіць. Гэта агульны рух, які існуе і таму, што калісьці нарадзіўся; і таму, што нехта пранёс яго праз усе дваццаць шэсьць гадоў змрочных часоў; і таму, што цяпер туды хлынула маладая хваля хлопцаў і дзяўчат у майках з заплечнікамі.

Так, яны наогул ня памятаюць гераічных дзевяностых. І дзякуй Богу. Цяжар гэтай памяці моцна цісьне да зямлі. Але памятаць трэба — гэта і ёсьць задача тых, хто стаяў у сваіх чэргах за свабоду дваццаць гадоў таму. Яны мацнейшыя за цяперашніх, яны якраз і могуць вытрымаць вагу бясконцых расчараваньняў і маюць і па сёньня сілы да супраціву. Улічыць, падказаць, навучыць, папярэдзіць — гэта ж заўсёдная задача старэйшых.

Мы ўсе — адзін рух. Якія б мы ні былі. Няхай будуецца новы дом, з тых цаглін і блёкаў, якіх дваццаць гадоў таму проста не было на сьвеце. Ён будуецца на падмурках, надзейна заглыбленых у зямлю. Тыя, хто ўзводзіў гэтыя падмуркі, выбралі найлепшае месца, улічылі ляндшафт, зьбераглі каменьне. Тыя, хто будуе цяпер, выкарыстоўваюць нажытае сучасным, значна больш эфэктыўным і крэатыўным чынам.

Гэта будзе агульная перамога.

Галоўнае, панове, каб яна была.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG