У ініцыятыўнай групе Бабарыкі раптам адшукалася Інга Хрушчова, тая самая прапагандыстка БТ дзевяностых гадоў, якая чыхвосьціла апазыцыю і ўслаўляла разгром усіх дэмакратычных інстытуцыяў у Беларусі.
У самы востры пэрыяд станаўленьня аўтарытарнага рэжыму ў краіне – супрацьстаяньне Лукашэнкі і апазыцыйных Вярхоўных Саветаў, незаконныя рэфэрэндумы 1995 і 1996 гадоў, масавыя пратэсты і іхны брутальны разгон, забойствы і выкраданьні лідэраў апазыцыі – яна была вядоўцаю штовечаровай «Панарамы», галоўнага прапагандысцкага тэлешоў пад выглядам выпускаў навінаў.
Рэфлексіі Хрушчовай наконт гэтага пэрыяду свае кар'еры, паводле тэксту на сайце Радыё Свабода, гучаць так: «Тады бачыла крыху іншага чалавека. Некалі ён жыў у невялікім дамку ў Драздах зь некалькімі ахоўнікамі (ня тысячамі, як цяпер), сустракаўся зь людзьмі, хацеў заглыбіцца ў праблемы».
Хрушчова адыграла адну з цэнтральных сымбалічных роляў у станаўленьні гэтага хлусьлівага і скарумпаванага рэжыму, які за 26 гадоў паламаў лёсы тысячам людзей. Мая асабістая ацэнка Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму з 1996 года не зьмянілася, хіба толькі ўдакладнілася і абрасла дэталямі. Тады я быў амаль дзіцём, цяпер мне йдзе чацьвёрты дзясятак. У Хрушчовай, дарослага чалавека што тады, што цяпер, у якісь момант таксама нібыта расплюшчыліся вочы. Гэта добра.
Але слова «прабачце» ў тэксьце інтэрвію так і не прагучала.
Ва ўсіх сэнсах пераўзышоў Інгу Хрушчову хіба толькі Аляксандар Зімоўскі, які ў той жа час, што яна вяла навіны, вёў штотыднёвую расейскамоўную «аналітычную» гардкор-прапагандысцкую перадачу «Рэзананс». Пазьней ён даслужыўся да пасады кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі і месца ў санкцыйных сьпісах Эўразьвязу і ЗША.
Шмат гадоў таму ён перабраўся ў Расею і нядаўна завёў невялікі тэлеграм-канал. У гэтым канале ён у характэрнай манэры, выкшталцонаю моваю фэльетонаў з «Советской Белоруссии», хваліць Пуціна і кпіць з Захаду і з свайго былога гаспадара Лукашэнкі. Расейскія шавіністычныя тэлеграм-каналы жвава перадрукоўваюць ягоныя антылукашэнкаўскія зацемкі з пазнакай кшталту «знакаміты палітоляг, выбітны мысьляр і знаўца Беларусі».
Хто б мог падумаць годзе ў 1996-м, як складзецца жыцьцё…
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.