Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі канстатуе, што падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі адбываецца сапраўднае паляваньне праваахоўных органаў на блогераў.
«Беспадстаўна ўзбуджаюцца адміністрацыйныя і крымінальныя справы, а міністр унутраных спраў абвінавачвае іх у арганізацыі „вулічнай рэвалюцыі“. 10 дзён ніхто ня ведаў пра лёс Аляксандра Кабанава. 17 чэрвеня яго асудзілі на 15 сутак і ўсялякая інфармацыя спынілася. Праваабаронцы даведаліся, што яго трымаюць у ІЧУ Драгічына. А сёньня стала вядома, што ён ужо ў ЦІП Менска. Ёсьць падазрэньні, што завялі крымінальную справу і зьбіраюцца перавесьці ў СІЗА № 1».
Алесь Бяляцкі адзначае, што тактыку беларускіх уладаў, калі не выдаюць інфармацыю пра адрасы знаходжаньня затрыманых людзей, можна параўнаць зь іх выкраданьнем.
«Паводзіны беларускай міліцыі ўсё больш нагадваюць дзеяньні Тантон-макутаў, гаіцянскую гвардыю, сымбаль змрочнага палітычнага рэжыму дыктатара Дзювалье, якія займаліся выкраданьнем іншадумцаў. Юры Караеў, калі вы сапраўдны афіцэр, а не царскі апрычнік, адкажыце, чаму перахварэлага на COVID-19 Аляксандра Кабанава цягаюць па этапах, якая для гэтага ёсць важная прычына?» — зьвярнуўся праваабаронца да міністра ўнутраных спраў.
Да 26 чэрвеня не было вядома дакладнае месца знаходжаньня Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Ад 17 чэрвеня ён адбываў 15-сутачны арышт паводле ч. 3 артыкула 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у берасьцейскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Драгічын, а 25 чэрвеня ў доме яго бацькоў пад Бярозай прайшоў ператрус.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што цяпер блогер знаходзіцца ў менскім ЦІП на вуліцы Акрэсьціна. Ёсьць падстава меркаваць, што ён можа быць фігурантам «справы Ціханоўскага».
У гэтай жа турме трымаюць і аўтара каналаў «Народны рэпартэр» і «Youtube-дэпутаты» Сяргея Пятрухіна, якога напярэдадні даставілі з Кобрыньскага ізалятара часовага ўтрыманьня.
Блогера затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня за «неадбытыя суткі» па выніках акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Аднак 25 чэрвеня яго зноў арыштавалі і перавезьлі ў Менск.
Скарыстаўшыся правам тэлефоннага званка, ён расказаў берасьцейскаму праваабаронцу Ўладзімеру Вялічкіну, што праходзіць у крымінальнай справе за падзеі ў Горадні 29 траўня.
26 чэрвеня паплечнікі спрабавалі перадаць яму рэчы і харчы, аднак адміністрацыя адмовіла, сказаўшы, што ў арыштанта «ёсьць усё неабходнае». Між тым, ужо 10 дзён Пятрухін носіць толькі тое, у чым яго затрымалі. Дый з улікам праблемаў з вадой у Менску карыстацца вадаправодным кранам у камэры небясьпечна.