Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванаму блогеру Лосіку знайшлі адваката, у турме на Акрэсьціна яму не прымаюць перадач

абноўлена

На Ігара Лосіка, аднаго з адміністратараў тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу», завялі крымінальную справу, ​ паведаміла БелаПАН яго жонка Дар’я.

Ігар Лосік быў затрыманы 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго кватэры. Справа заведзена паводле артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) на Акрэсьціна. Цяпер родныя займаюцца пошукам адваката.

Абноўлена. Адвакат атрымаў удзень 26 чэрвеня паведамленьне аб прыняцьці ім даручэньня абараняць Ігара Лосіка, паведаміў Telegram-канал блогера Антона Матолькі. Гэта значыць, што адвакат прынамсі мусіць прысутнічаць на ўсіх сьледчых і працэсуальных дзеяьнях з удзелам Ігара Лосіка, тлумачыць канал. Таксама адвакат мае права азнаёміцца з працэсуальнымі дакумэнтамі і пратаколамі сьледчых дзеяньняў, якія праводзіліся раней.

«Да самага вечара мы ня ведалі, дзе Ігар і што зь ім. Пазьней патэлефанаваў дзяжурны са Сьледчага камітэту і паведаміў, што ён на Акрэсьціна і можна прынесьці яму перадачу. А сёньня ўжо сказалі, што нельга, бо праводзіцца санітарная апрацоўка будынку», — расказала Дар’я.

На просьбу БелаПАН пракамэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем Ігара Лосіка прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч адказаў, што пакуль ня мае ніякай інфармацыі. Як зьявіцца, будзе апублікаваная на сайце ведамства.

Паводле артыкулу 342 КК абвінавачваецца таксама аўтар youtube-каналу «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі. Акрамя таго, блогера абвінавачваюць паводле артыкулу 191 КК (перашкода ў выбарах). Ціханоўскі знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

На телеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» падпісаны 167 тысяч чалавек. Апошнія месяцы канал актыўна асьвятляе падзеі вакол выбарчай кампаніі, у тым ліку публікаваў відэа з удзелам відавочцаў затрыманьняў падчас «ланцугу салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня, затрыманьняў каля сталічнай крамы Symbal.by 23 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG