Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая хваля? Шэраг краін аднаўляюць карантынныя захады


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цэлы шэраг брытанскіх мэдычных экспэртаў папярэджвае аб рызыцы другой хвалі пашырэньня​ каранавірусу SARS-CoV-2.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі​

Наяўныя зьвесткі сьведчаць, што новыя лякальныя ўсплёскі ўсё больш імаверныя, а пагроза другой хвалі рэальная, гаворыцца ў адкрытым лісьце, апублікаваным у штотыднёвым навуковым часопісе The BMJ у аўторак, 23 чэрвеня.

Дакумэнт падпісалі, сярод іншых, прэзыдэнт Каралеўскай калегіі хірургаў Дэрэк Олдэрсан, прэзыдэнт Каралеўскай калегіі лекараў Эндру Годард, прэзыдэнт Каралеўскай калегіі неадкладнай мэдыцыны Кэтрын Гэндэрсан, а таксама галоўны рэдактар мэдычнага часопіса The Lancet Рычард Гортан.

Нямеччына

Лякальныя ўсплёскі ў Нямеччыне прывялі да мясцовага аднаўленьня локдаўну.

23 чэрвеня ўлады зрабілі больш жорсткімі карантынныя захады ў акругах Гютэрсьлё і Варэндорф на захадзе краіны праз выбух каранавірусу на бойні кампаніі Tönnies, дзе вірус выявілі ў больш 1550 чалавек з прыкладна 7000 супрацоўнікаў.

Частковае аднаўленьне локдаўну азначае, сярод іншага, закрыцьцё кінатэатраў, выставаў, музэяў, бараў і фітнэс-студыяў. Крамы і рэстараны застануцца адкрытымі, але іх наведнікі мусяць выконваць неабходныя патрабаваньні гігіены.

ЗША

Улады трох амэрыканскіх штатаў увялі карантынныя захады ў сувязі з новай хваляй пашырэньня каранавірусу на поўдні і захадзе ЗША.

Зараз людзі, якія прыбываюць на тэрыторыю штатаў Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі і Канэктыкут з рэгіёнаў з высокім захворваньнем Covid-19, абавязаны самаізалявацца на 14 дзён. Да «небясьпечнай зоны» аднесеныя Алабама, Арканзас, Арызона, Флорыда, Паўднёвая і Паўночная Караліна, Тэхас, Вашынгтон і Юта. У аўторак у ЗША зарэгістравалі больш за 35 тысячаў новых выпадкаў Covid-19 — гэта найвышэйшы дзённы паказьнік з красавіка.

Казахстан

Ва ўсіх лякарнях Алматы ўсьлед за Нур-Султанам прыпынілі плянавы прыём і агляд пацыентаў. Працягласьць такіх захадаў будзе залежаць ад эпідэмічнай сытуацыі.

У мэтах зьніжэньня пашырэньня каранавірусу там закрылі і дзіцячыя сады. З 20–21 чэрвеня ўлады Казахстану абвясьцілі пра вяртаньне карантыну: закрылі гандлёвыя цэнтры і рынкі, паркі і сквэры, абмежавалі рух грамадзкага транспарту і выхад на вуліцу людзей, старэйшых за 65 гадоў. Гэта зьвязана з рэзкім ростам ліку тых, хто захварэў пасьля зьняцьця абмежаваньняў, і з тым, што захварэлі шматлікія важныя дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку першы прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў.

Партугалія

Карантынныя захады аднавілі ў Лісабоне і прадмесьцях. Паводле ўладаў Партугаліі, у аўторак у краіне зафіксавалі 345 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. 80% тых, хто захварэў, выявілі ў бедных перанаселеных раёнах, дзе жыхары часта ня могуць выконваць сацыяльную дыстанцыю.

Як заявіў прэм’ер-міністар краіны Антонію Кошта, у гэтых раёнах увядуць узмоцненае паліцыйнае патруляваньне.

Паўднёвая Карэя

22 чэрвеня пра пачатак другой хвалі заражэньняў каранавірусам абвясьцілі ў Паўднёвай Карэі. «Мы меркавалі, што яна пачнецца восеньню ці ўзімку, але нашы прагнозы выявіліся памылковымі. пашырэньне COVID-19 будзе працягвацца», — заявіла кіраўнік арганізацыі Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў Паўднёвай Карэі Чон Ын Ген.

Індыя

У сталіцы Індыі Дэлі зарэгістравана сама больш новых заражэньняў за содні з пачатку пандэміі — амаль 4 тысячаў выпадкаў. Усяго ў Дэлі з пачатку пандэміі Covid-19 выявілі прыкладна ў 66 тысячаў чалавек. Гэта другі паказьнік у краіне пасьля Мумбаі.

Вірус SARS-CoV-2 выявілі ў больш 9,2 млн жыхароў плянэты, а больш як 480 000 чалавек памерлі ад наступстваў захворваньня COVID-19. Больш за ўсё заражэньняў (за 2,3 млн выпадкаў) і сьмерцяў (звыш 121 000) — у ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG