Мы з апэратарам Андрэем Рабчыкам, абое акрэдытаваныя журналісты Радыё Свабода, вялі ў жывым эфіры рэпартаж з апошняга дня пікетаў для збору подпісаў у цэнтры Менску. У гэтым жа жывым эфіры на вачах 50 тысяч гледачоў нас затрымалі. І вось што было пасьля.
Кажуць, загад на затрыманьне здымачнай групы Радыё Свабода даў намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Барсукоў. Ён быў на плошчы перад філярмоніяй і спачатку душэўна разрульваў канфлікты паміж супрацоўнікамі ў цывільным, АМАПам і людзьмі, якія там заставаліся.
У момант затрыманьня мы былі досыць далёка ад іх і ад аўтазакаў. Але калі я пабачыла перад сабой групу людзей ў бэйсболках, адразу зразумела — «гэта па нас».
Пра будучыя праблемы сыгналіла і тое, што за дзьве гадзіны да абвешчаных пікетаў у журналістаў Радыё Свабода зьнік мабільны інтэрнэт (А1, прывет вам, вы часьцей міргайце, калі гэта супраць вашай волі). На стрыме інтэрнэт зьявіўся амаль роўненька тады, калі АМАП пайшоў па праспэкце, выціскаючы людзей на плошчу Якуба Коласа.
Перад нашым затрыманьнем ніхто з праваахоўнікаў не папярэджваў ані нас, ані іншых журналістаў, што нельга здымаць ці весьці рэпартаж. Але мяне і журналістку Белсату Ірыну Арахоўскую людзі ў цывільным, нічога не тлумачачы, закінулі ў бус. Паводле закону яны мусілі прадставіцца, але яны гэтага не зрабілі, нягледзячы на мае просьбы. У сацыяльных сетках хтосьці напісаў: «Давайце называць гэта як ёсьць — „выкраданьне“».
У Савецкім РУУС на ўваходзе нам папырскалі рукі антысэптыкам і памералі тэмпэратуру нейкай лазэрнай штукай (упершыню такую бачу). Там я сустрэла апэратара Андрэя Рабчыка. Мы трошкі пастаялі каля белай цаглянай сьцяны, я паглядзела на неба ў калючым дроце. Перапісалі нашыя дадзеныя і адвялі ў маленькі кабінэт з ружовымі, як у дзіцячым садку, сьценамі і парэпанай мэбляй. Там ужо быў карэспандэнт Reuters Уладзімер Косьцін, які падчас затрыманьня падвярнуў нагу, а таксама гучна абураўся пашкоджанай відэакамэрай.
Да гэтага моманту ўсё было ветліва. Але неўзабаве супрацоўнікі АМАП без тлумачэньняў і афармленьня дакумэнтаў забралі ўсю відэа- і фотатэхніку. Уладзімер Косьцін патрабаваў патлумачыць, на якой падставе гэта адбываецца, але тэхніку вырвалі ў яго з рук, а таксама забралі ягоны мабільны тэлефон.
Наступныя дзьве гадзіны мы правялі моўчкі пад пільным наглядам супрацоўніка АМАП. У мяне ўвесь час званіў тэлефон, адказаць на званкі ахоўнік не дазволіў.
У калідоры ў гэты час апытвалі іншых затрыманых каля філярмоніі — трох хлопцаў і старэйшага мужчыну. Дэталі чуваць было кепска.
Празь дзьве гадзіны траіх маіх калег вывелі з кабінэту ў калідор, а да мяне зайшоў намесьнік начальніка па ідэалягічнай працы і кадравым забесьпячэньні Савецкага РУУС падпалкоўнік міліцыі Цімур Кесэль. Цімур Барысавіч назваўся, сказаў, што мяне будзе здымаць на відэакамэру асобны чалавек. На грудзях у Цімура Барысавіча таксама была камэра, так што здымалі мяне адразу з двух ракурсаў.
Падпалкоўнік Кесэль сказаў, што падчас сваёй працы я дапусьціла «парушэньні этыкі», «правакавала людзей», там было яшчэ нешта пра «ўмяшаньне», але я ня памятаю дакладнай фармулёўкі. Мне было сказана, што я афіцыйна папярэджаная пра недапушчэньне такіх парушэньняў і ў наступны раз магу быць прыцягнутая да адказнасьці.
На маю просьбу прывесьці канкрэтныя факты згаданых парушэньняў Цімур Барысавіч адказаў так: «Я вам нічога не абавязаны тлумачыць».
Пасьля мяне яшчэ папярэдзілі, што я буду прыцягнутая да адказнасьці, калі вярнуся на месца, зь якога мяне затрымалі, і таксама што мне нельга весьці відэаздымкі і паведамляць нешта з тэрыторыі, прылеглай да РУУС. І адпусьцілі.
Андрэя Рабчыка і іншых калег адпусьцілі трохі пазьней. Тэхніку ўсім вярнулі.
Сябар у фэйсбуку назваў затрыманьні журналістаў «працэсуальным прыстрашэньнем». А калега даслаў лінк на артыкул 198 Крымінальнага кодэксу РБ. Варта прывесьці яго цалкам.
«Перашкода ў любой форме законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста альбо прымус яго да распаўсюду альбо адмовы ад распаўсюду інфармацыі, зьдзейсьненыя з прымяненьнем гвалту альбо з пагрозай яго прымяненьня, зьнішчэньнем альбо пашкоджаньнем маёмасьці, ушчамленьнем правоў і законных інтарэсаў журналіста — караюцца штрафам ці пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады, ці займацца пэўнай дзейнасьцю, ці абмежаваньнем свабоды на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін».
Выйшаўшы, я даведалася, што журналістаў масава затрымлівалі па ўсёй краіне. І што людзі ўсё адно выходзяць на вуліцы, стаяць у пікетах салідарнасьці, нягледзячы на АМАП і жорсткія затрыманьні.
І што ўсё гэта ўжо амаль ніхто ня змог паказаць ў жывым эфіры.