Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў сказаў журналістам 19 чэрвеня, што Менск павінен аргумэнтаваць свае абвінавачаньні, нібыта да цяперашніх падзеяў у Беларусі датычныя «лялькаводы» з «Газпрому».
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Падобныя абвінавачаньні на адрас міжнародных кампаніяў ня могуць быць галаслоўнымі, павінны падмацоўвацца аргумэнтамі», — заявіў Пяскоў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі таксама падкрэсьліў, што інтарэсы найбуйнейшых кампаніяў краіны «заўсёды знаходзяцца пад абаронай расейскай дзяржавы».
«Гэта адзін з прыярытэтаў — абарона нашых кампаніяў, якія працуюць у іншых краінах, у тым ліку і Беларусі», — адзачыў Пяскоў. «Пакуль у мяне няма ніякіх дадатковых камэнтароў на гэты конт», — дадаў ён.
Напярэдадні Іван Тэртэль, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі, камэнтуючы затрыманьне абвінавачанага ў «супрацьпраўнай дзейнасьці» прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Віктара Бабарыкі, сказаў, што дзеяньнямі Бабарыкі кіруюць «лялькаводы».
«Такімі асобамі ёсьць, мы ведаем, вялікія начальнікі ў «Газпроме», а, можа быць, і вышэй», — сказаў Тэртэль.
Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня таксама даў зразумець, што за спробамі «прывесьці краіну да нейкага Майдану» стаяць «лялькаводы».
«Маскі сарваныя з пэўных ня толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі», — заявіў Лукашэнка.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.