Пакуль прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыку і кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы сын Эдуарда ўтрымліваюць у СІЗА КДБ, сьледчыя арыштавалі іх маёмасьць, паведамляе Tut.by.
Напярэдадні ў жылых памяшканьнях Бабарыкаў правялі ператрус, а 19 чэрвеня наклалі арышт на два дамы ў вёсках Мачаны і Цна пад Менскам, а таксама на двухпакаёвую кватэру ў сталіцы. Такія захады ініцыяваў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, тэрмін абмежаваньняў ня вызначаны.
Сам Віктар Бабарыка жыў у Мачанах, дом у Цне пуставаў. Эдуард зь дзяўчынай займаў менскую двухпакаёўку.
18 чэрвеня штаб Бабарыкі паведаміў, што Віктар і Эдуард паехалі здаваць чарговую частку подпісаў і перасталі выходзіць на сувязь. Адвакаты не змаглі трапіць у будынак з прычыны «вучэньняў». Тым часам у дамах без удзелу гаспадароў адбыліся ператрусы.
Кіраўнік КДК Іван Тэртэль на брыфінгу для дзяржаўных тэлеканалаў сказаў, што Віктар Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што быў «непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасьці».