Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працягнем працаваць, магчыма, яшчэ больш актыўна»: затрыманьне Бабарыкі пракамэнтавалі ў яго выбарчым штабе


Штаб Віктара Бабарыкі ў Менску
Штаб Віктара Бабарыкі ў Менску

У штабе Віктара Бабарыкі Свабодзе заявілі, што працягваюць працаваць у штатным рэжыме і паабяцалі заўтра зладзіць стрым і расказаць пра далейшыя пляны і стратэгію штабу.

«Мы працуем у штатным рэжыме. У нас ёсьць мэта, мы ўсталявалі рэкорд — 425 тысяч сабраных подпісаў. Больш за 200 тысяч подпісаў мы ўжо накіравалі ў ЦВК, і цяпер мы праводзім апрацоўку і вэрыфікацыю астатніх подпісаў. Магчыма, заўтра нам таксама ўдасца іх падаць — пры ўмове, што Віктара і Эдуарда адпусьцяць, таму што менавіта яны маюць права (у тым ліку) падаваць подпісы ў ЦВК», — распавяла Свабодзе прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя.

Але нават калі Віктара і Эдуарда Бабарыку не адпусьцяць, выбарчы штаб працягне працу, сказала Марыя. Паводле яе, заўтра 19 чэрвеня а 19-ай гадзіне штаб правядзе стрым у сацсетках і Ютубе, у якім распавядзе пра далейшыя пляны і стратэгію, паводле якой будзе працаваць. У тым ліку штаб пакажа відэазварот, які загадзя запісаў Віктар Бабарыка.

«Мы канешне чакалі нейкіх правакацый і актыўных дзеяньняў з боку ўладаў. Як заўжды казаў Віктар Дзьмітрыевіч: Улада пачынае баяцца моцных альтэрнатыўных кандыдатаў. Па ўсёй верагоднасьці тое, што адбываецца сёньня, а таксама ўвесь гэты тыдзень, гэта менавіта рэакцыя на тое, што мы робім. Але нас гэта ня можа спыніць. Мы верым у перамены да лепшага і не здаемся», — сказала Марыя.

«Справу „Белгазпрамбанку“ » і затрыманьне Віктара і Эдуарда Бабарыкі яна назвала «поўным хамствам» і «абсурдам». «Мы ўсё адно працягнем сваю працу. Магчыма, што нават яшчэ больш актыўна», — сказала прадстаўніца штабу.

Што адбылося 18 чэрвеня

Раніцай 18 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард перасталі выходзіць на сувязь. Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць, адвакатаў да іх не пусьцілі.

У дамах сям’і Бабарыкаў праходзяць ператрусы.

Пазьней старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.

«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў Тэртэль.

Паводле Тэртэля, КДК вядзе працу па двух кірунках. Адзін зь іх — махінацыі з вэксалямі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў, адна са структураў, якія ўдзельнічала ў гэтым, — латвійскі банк ABLV. «Паводле дадзеных, якія мы атрымалі ад нашых латвійскіх калегаў, за некалькі гадоў у інтарэсах гэтага банку на яго рахункі з рахункаў „Белгазпрамбанку“ было выведзена звыш 430 мільёнаў даляраў ЗША», — сказаў старшыня КДК.

Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.

У той дзень Бабарыка расказаў, што ў «справе „Белгазпрамбанку“», якім ён кіраваў 20 гадоў, затрымалі два дзясяткі чалавек. Арыштавалі і каардынатарку штабу Бабарыкі, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Бабарыка ацэньвае «справу „Белгазпрамбанку“» як атаку асабіста на яго: ён згадваў пра загад Лукашэнкі «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG