Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць зь верталёта грошы раскідваць», — Лукашэнка пра выбары


Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з работнікамі «Гродна Азот»
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з работнікамі «Гродна Азот»

16 чэрвеня падчас наведваньня горадзенскага прадпрыемства «Гродна Азот» Аляксандар Лукашэнка сярод іншага выказаўся пра будаўніцтва БелАЭС, каранавірус, выбары і заробкі беларусаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра выбары ва ўмовах эпідэміі: «Не такія каранавірусы ў нашай гісторыі былі, але мы жывыя»

Гаворачы пра эпідэмію каранавірусу ў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што «не такія каранавірусы ў нашай гісторыі былі, але мы жывыя. Галоўнае — захаваць сваю зямлю, свой кавалак зямлі для сябе і для нашых дзяцей».

«І выбары мы правядзем, вы не хвалюйцеся. Што, у нас першыя выбары? Галоўнае, каб мы краіну ня страцілі. Каб мы не аддалі краіну разгільдзяям і тым, якія абяцаюць зь верталёта грошы раскідваць: інвэстары прыйдуць і нам чагосьці прынясуць. Інвэстары прыйдуць з-за мяжы, але скажуць: падаткі плаціць ня будзем, дайце танную сыравіну, і зарплата ў людзей будзе 300 даляраў», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Ён дадаў, што выбары выбарамі, але галоўнае цяпер — уборка ўраджаю, бо «ня дай бог вярнуцца» да праблемаў з харчаваньнем у 1990-х, калі ежу раздавалі па талёнах. Таксама Лукашэнка паабяцаў «імкнуцца да таго, каб усё-ткі ў 2 разы ў нас у будучай пяцігодцы вырасла зарплата».

Пра БеАЭС: «Пры мне гэта станцыя закрыта ня будзе»

Гаворачы пра будаўніцтва БелАЭС, Лукашэнка заявіў, што будзе магчымасьць экспартаваць электраэнэргію, але яна будзе запатрабаваная і ў Беларусі, «асабліва для людзей».

«Што тычыцца электраэнэргіі. Я іх называю „альтэрнатыўшчыкі“ (ідуць ва ўладу) — яны прапануюць АЭС зачыніць, 10 мільярдаў у Эўропы ўзяць і аддаць Расеі. Я кажу: горш не прыдумаеш», — цытуе Лукашэнку БелТА.

«Ніхто яе не закрые. Гэта гульня на пачуцьцях людзей. Гэта каб, ведаеце, спадабацца недзе на плошчы. Я вам кажу шчыра: пры мне гэта станцыя закрыта ня будзе», — працытаваў Лукашэнку дзяржаўны тэлеканал АНТ.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG