Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў, што гатовы да затрыманьня і запісаў відэазвароты. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію РБК.
Бабарыка зазначыў, што быў гатовы да правакацыйных дзеяньняў падчас выбараў, але не меркаваў пра такі маштаб і такі страх, «які навядуць гэтыя выбары на дзейную ўладу».
«Мы зрабілі ўсё, каб дайсьці да 9 жніўня, нават калі я буду па-за доступам. У нас ёсьць заканадаўства, і яно выразна вызначае, хто ня можа быць дапушчаны да выбараў, і нават затрыманы чалавек можа быць дапушчаны, таму ў нас усё падрыхтавана на той выпадак, калі я нечакана прападу», — патлумачыў былы банкір.
Відэазвароты — гэта заявы пра тое, што дзеяньні, якія будуць рабіцца без Бабарыкі — узгодненыя зь ім.
«Каб людзі разумелі, што гэта не рэакцыя на нечаканасьць, гэта дакладнае разуменьне, што гэты сцэнар пачынае рэалізоўвацца, не хвалюйцеся, мы да гэтага былі гатовыя. Мы „на аддаленцы“ прывыклі працаваць, вось лічыце, што, калі што, гэта будзе размова з народам „па аддаленцы“. І ў нас такія сцэнары ёсьць і да 9 жніўня, і далей. Усё ёсьць. Што рабіць — мы ведаем. Не гаворым пра гэта мы не таму, што баімся, а таму што пакуль гэта бессэнсоўна», — сказаў Бабарыка.
11 чэрвеня ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку», якім раней кіраваў Віктар Бабарыка, а таксама ў людзей, зьвязаных з Бабарыкам, прайшлі ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
Віктар Бабарыка заявіў, што хоць супраць яго «няма нічога», гэтая крымінальная справа — ціск на яго, «напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўлены палітычны характар».
12 чэрвеня Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю заявіў, што мае доказы датычнасьці былога старшыні праўленьня Белгазпрамбанку Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасьці. Роўна за 4 гадзіны да заявы ДФР Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы і ўсё гэта былі «яго задумы».