Навіну пра ператрусы ў офісе «Белгазпрамбанку» і людзей з атачэньня экс-кіраўніка гэтай фінансавай установы Віктара Бабарыкі іншы прэтэндэнт у прэзыдэнты Валер Цапкала пракамэнтаваў цытатай індыйскага дзеяча Махатмы Гандзі.
Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьледаваньняў былі заўважаныя і ля дома самога Цапкалы, але да ператрусу справа не дайшла.
«Спачатку яны цябе не заўважаюць, сьмяюцца зь цябе, змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш», — працытаваў ён ў Твітэры аднаго з кіраўнікоў і ідэолягаў нацыянальна-вызвольнага руху Індыі.
«Мы павінны, нават абавязаныя дзейнічаць у фарватэры вялікага палітычнага дзеяча, вялікага мысьляра, які ведаў, пра што гаварыў», — падсумаваў колішні кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій і ў мінулым адзін з паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі.