Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго на гэтых выбарах зыходзіць «расейская пагроза»


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія сьцягі ў Менску напярэдадні пасяджэньня вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы». 25 лютага 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія сьцягі ў Менску напярэдадні пасяджэньня вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы». 25 лютага 2016 году

Сьцісла:

  • «Расейская пагроза» існуе, бо імпэрыі паводле сваёй сутнасьці нясуць пагрозу суседзям;
  • Які заўгодна вынік «выбараў» у Беларусі будзе выгадны Расеі;
  • Расея для незалежнасьці Беларусі пагроза роўна настолькі, наколькі ёй дазволяць беларусы;
  • Расейская пагроза гіпатэтычная, а Лукашэнка стаміў і раздражняе вялікую колькасьць людзей тут і цяпер.

Да дня асноўнага галасаваньня яшчэ два месяцы, а першы палітвязень зь ліку ўдзельнікаў гэтай кампаніі ўжо зьявіўся — гэта Сяргей Ціханоўскі. Што ня дзіўна, бо ён сымбаль пратэсту, стварае рэальную канкурэнцыю Лукашэнку.

Не зьдзіўлюся, калі другога рэальнага канкурэнта (прынамсі, прэтэндэнта на другі тур) Віктара Бабарыку заўчасна выключаць з гульні. Дзіўна іншае: абодвух прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта (Ціханоўскага апасродкавана, праз асобу жонкі Сьвятланы) афіцыйная прапаганда спрабуе дыскрэдытаваць як «прарасейскіх стаўленікаў».

Парадокс, але факт: Лукашэнка, які ў другой палове 1990-х быў гатовы ахвяраваць незалежнасьцю Беларусі дзеля зьліцьця з Расеяй у Савецкім Саюзе 2.0, цяпер спрабуе пужаць грамадзян «расейскай пагрозай».

Пакуль пагрозу для самога сябе ўяўляе сам Аляксандар Лукашэнка. Калі ён такімі тэмпамі пачне кідаць за краты такіх асобаў, як Сяргей Ціханоўскі, а пад канец яшчэ жорстка разгоніць абураных людзей на вуліцах, то выбары могуць не прызнаць і па-за Беларусьсю. Прычым ня толькі на Захадзе, але і ў Маскве.

Хоць папраўдзе Расеі выгадна ўсё, што можа адбыцца зь Беларусьсю ў выніку сёлетняй выбарчай і — асабліва — пасьлявыбарчай кампаніі.

Пратэставыя настроі сыдуць на мізэр? Цудоўна, застанецца палітычны статус-кво. Лукашэнка хоць і непрыемны, але зразумелы партнэр для Расеі. Яго можа будзе і далей пакрысе заціскаць у кут непасільнымі пазыкамі, не баючыся, што Беларусь «разьвернецца на Захад».

Сытуацыя абвострыцца масавымі і трывалымі ў часе вулічнымі акцыямі пратэсту? Таксама добра. Напужаным Лукашэнкам можна яшчэ лягчэй маніпуляваць на сваю карысьць.

Лукашэнка пачне тэрор? Тут можна пад шумок паспрабаваць яго скінуць і паставіць свайго пратэжэ. «Інтэрнацыянальная дапамога» Расеі абкатаная ў Грузіі, Малдове і Ўкраіне.

А што на гэта самі беларусы?

Людзі, якія дваццаць гадоў хадзілі на акцыі пратэсту супраць Лукашэнкі пад нацыянальнай сымболікай і воклічам «Незалежнасьць!», цяпер зьбіраюць галасы за «прарасейскага» банкіра і дапамагаюць Ціханоўскаму зь ягоным «расейскім сьледам».

Для Лукашэнкі з Расеяй поўная нявыкрутка: хоць так, хоць гэтак. Вуглевадародаў наўзамен на пацалункі больш няма і ня будзе. Таму размаўляць з электаратам у стылістыцы «я вас забясьпечваю, а вы ня сунецеся ў палітыку» ужо не атрымаецца. А эканамісты прагназуюць на восень самы маштабны эканамічны крызіс за ўсю гісторыю.

«Бацькам» для «дзяцей-электарату» Лукашэнка быць ужо ня зможа. Прынамсі, «строгім, але справядлівым». Дый таго адданага электарату амаль не засталося, калі меркаваць па пярэстасьці публікі ў чэргах на подпіс «за» альтэрнатыўных кандыдатаў (а насамрэч супраць Лукашэнкі).

«Расейская пагроза» пры ўсёй сваёй імавернасьці пакуль застаецца гіпатэтычнай.

А Лукашэнка як начальнік стаміў велізарную колькасьць людзей ужо тут і цяпер.

«Расейская пагроза» будзе навісаць у паветры роўна столькі, колькі будзе існаваць Расея ў выглядзе імпэрыі. Але калі казаць пра «расейскую пагрозу» ў 2020 годзе, то ўсё залежыць толькі ад людзей. Наколькі мы, беларусы, самі дазволім ці не дазволім маніпуляваць нашай краінай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG