Ініцыятыўныя групы трох патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты па стане на 8 чэрвеня заявілі пра збор больш як 100 тысяч подпісаў, неабходных ля вылучэньня кандыдатам: Віктара Бабарыкі, Аляксандра Лукашэнкі і Валера Цапкалы.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Віктар Бабарыка раней заявіў, што на вечар 7 чэрвеня ініцыятыўная група пацьвердзіла 167 тысяч подпісаў, працягвае падлік сабраных і збор новых подпісаў.
У штабе ініцыятыўнай групы былога кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы паведамілі Onliner.by, што на 8 чэрвеня налічылі 119 тысяч подпісаў.
Штаб старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня паведаміў Naviny.by 8 чэрвеня пра 75 тысяч сабраных подпісаў.
Штаб прадпрымальніцы Натальлі Кісель заявіў Tut.by 8 чэрвеня пра 74 тысячы подпісаў.
Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла 8 чэрвеня на Facebook пра 72 тысячы сабраных подпісаў.
Лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў заявіў 8 чэрвеня на Facebook пра 60 тысяч сабраных подпісаў.
За Аляксандра Лукашэнку, як заявіў кіраўнік ягонага штабу 6 чэрвеня, сабралі «каля мільёну» подпісаў.
Іншыя патэнцыйныя кандыдаты паведамлялі пра колькасьць сабраных подпісаў толькі ў сярэдзіне мінулага тыдня.
Па стане на 8 чэрвеня затрыманы адзін з патэнцыйных кандыдатаў — Уладзімер Няпомняшчых, а таксама кіраўнік ініцыятыўнай групы іншай кандыдаткі, Сьвятланы Ціханоўскай — ейны муж Сяргей Ціханоўскі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.