Такую заяву разьмясьціў сайт незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, па стане на 5 чэрвеня 12 чальцоў ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай пацярпелі перасьлед, затрыманьні і адміністрацыйныя пакараньні.
Паводле «Вясны», сярод дзевяці затрыманых па крымінальнай справе за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК РБ) кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, а таксама чальцы групы Дзьмітры Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Арцём Сакаў.
У розны час затрымліваліся яшчэ некалькі чалавек, двое зь іх арыштаваныя на 15 сутак: Артур Сінега з Наваполацку і валянтэр каманды Андрэй Зуеў.
Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» склалі сьпіс з васьмі сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, якіх затрымлівалі альбо судзілі ў адміністрацыйным парадку:
- Уладзімер Мароз (Кобрын) — затрымліваўся;
- Валеры Рамановіч (Пінск) — затрымліваўся;
- Аляксандар Мілюк (Масты) — затрымліваўся;
- Максім Кавалевіч (Бяроза) — затрымліваўся;
- Кацярына Таланкова (Магілёў) — затрымлівалася;
- Артур Сінега (Наваполацк) — арышт 15 сутак;
- Вольга Каракіна (Гродна) — затрымлівалася;
- Уладзімер Кніга (Горадня) — затрымліваўся.
Былі затрыманыя таксама некалькі дзясяткаў валянтэраў каманды Ціханоўскага і прыхільнікаў затрыманага блогера.