Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт выклікае на допыты людзей, якія ахвяравалі на расьсьледаваньні Сацука 


Галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук
Галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук

Людзі, якія ахвяравалі сродкі на падтрымку журналісцкіх расьсьледаваньняў Сяргея Сацука, пачалі зьвяртацца па дапамогу, бо іх выклікаюць у Сьледчы камітэт для допыту. Пра гэта піша «Ежедневник».

Сьледчы камітэт пачаў дзейнічаць у новым кірунку пры расьсьледаваньні крымінальнай справы Сацука. Паводле самога Сяргея Сацука, у дачыненьні яго фармуюць падазрэньне ў махлярстве на той падставе, што паводле закону «Аб СМІ» ён не зьяўляецца «журналістам сродку масавай інфармацыі» і таму ня мог займацца журналісцкімі расьсьледаваньнямі. Адпаведна, уводзіў людзей у зман.

Сьледзтва спасылаецца на тое, што паводле закону «Аб СМІ» журналістам сродку масавай інфармацыі можа быць «фізычная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваньнем і стварэньнем (падрыхтоўкай) інфармацыйных паведамленьняў і (або) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі».

Выданьне «Ежедневник» не зарэгістравана як СМІ, таму ягоны рэдактар пад гэты крытэр, лічыць сьледзтва, не падпадае, хоць ён 22 гады займаецца журналісцкай дзейнасьцю, з 2003 году — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Ежедневник» піша, што атрымаў доказы таго, што сьледзтва спрабуе стварыць склад злачынства. У рэдакцыю зьвярнуліся людзі, якія паведамілі, што іх выклікаюць на допыт менавіта ў сувязі зь пералічэньнем грошай. Яны просяць аб прававой дапамозе. Выклікаюць на допыт нават тых, хто ахвяраваў нязначную суму, напрыклад 10 рублёў.

«На жаль, мы вымушаныя адказаць, што ня можам аказаць такую дапамогу, паколькі гэта будзе расцэнена як ціск на сьведак. Аднак маўчаць з гэтай нагоды таксама не маглі, бо ў некаторай ступені нясём адказнасць за тых, хто вырашыў падтрымаць журналісцкія расьсьледаваньні Сяргея Сацука. Менавіта на партале „Ежедневника“ быў абвешчаны збор сродкаў», — гаворыцца ў публікацыі.

Кожны чалавек мае права сам вырашаць, каму і якую суму ахвяраваць і на што. І калі ён лічыць, што яго падманулі, то выключна сам, з уласнай ініцыятывы можа зьвярнуцца ў праваахоўныя органы. Выклікаць такіх людзей у якасьці сьведак няма ніякіх падставаў, перакананыя ў рэдакцыі.

У Сьледчым камітэце з гэтай нагоды Свабодзе заявілі, што выкліканьне сьведак зьяўляецца іх звычайнай працай.

Прадстаўніца СК па Менску Кацярына Гарлінская наконт справы Сацука патлумачыла Свабодзе:

«Расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да Сяргея Сацука працягваецца. У цяперашні момант сьледчыя лічаць немэтазгодным абвяшчэньне дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня. Па крымінальнай справе дапытваюць ц якасьці сьведак асобаў, паказаньні якіх неабходныя зыходзячы з абставінаў, якія вывучаюцца».

З чаго пачалася «справа Сацука»

Сяргея Сацука затрымалі 25 сакавіка, пачалі справу за «атрыманьне хабару», на наступны дзень правялі ператрус у рэдакцыі, праз 10 дзён вызвалілі з-пад варты.

Паводле БТ, Сяргей Сацук нібыта незаконна ўзяў ад бізнэсоўца агулам 5 тысяч даляраў за напісаньне артыкула пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Гаворка ішла пра расьсьледаваньні, зьвязаныя са «справай мэдыкаў». Сацук да таго падазраваў, што яго «замовілі», пакідаў ліст на выпадак затрыманьня.

Вызваленьня Сацука патрабавалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Эўрапейская і Міжнародная фэдэрацыі журналістаў, «Рэпартэры бязь межаў» і Эўрапарлямэнт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG