Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактару «Ежедневника» сьледчыя сказалі, што ён не журналіст


Рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук, архіўнае фота
Рэдактар выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук, архіўнае фота

Сяргей Сацук мяркуе, што ягоную крымінальную справу аб «атрыманьні хабару» могуць перакваліфікаваць на «махлярства», а праз гэта паставіць пад пагрозу многіх беларускіх журналістаў.

Выданьне «Ежедневник» 3 чэрвеня апублікавала артыкул, у якім заявіла: з рэдактара «сьледзтва пачало рабіць махляра».

Сьледзтва спасылаецца на тое, што паводле закону «Аб СМІ» журналістам сродку масавай інфармацыі можа быць «фізычная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваньнем і стварэньнем (падрыхтоўкай) інфармацыйных паведамленьняў і (або) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі».

Выданьне «Ежедневник» не зарэгістраванае як СМІ, таму ягоны рэдактар пад гэты крытэр, лічыць сьледзтва, не падпадае, хоць ён 22 гады займаецца журналісцкай дзейнасьцю, з 2003 году — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.

З чаго пачалася «справа Сацука»

Сяргея Сацука затрымалі 25 сакавіка, пачалі справу за «атрыманьне хабару», на наступны дзень правялі ператрус у рэдакцыі, празь 10 дзён вызвалілі з-пад варты.

Паводле БТ, Сяргей Сацук нібыта незаконна ўзяў ад бізнэсоўца агулам 5 тысяч даляраў за напісаньне артыкула пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Гаворка ішла пра расьсьледаваньні, зьвязаныя са «справай мэдыкаў». Сацук да таго падазраваў, што яго «замовілі», пакідаў ліст на выпадак затрыманьня.

Вызваленьня Сацука патрабавалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Эўрапейская і Міжнародная фэдэрацыі журналістаў, «Рэпартэры бязь межаў» і Эўрапарлямэнт.

«Гэта ўжо не расьсьледаваньне, а перасьлед»

Цяпер Сацук застаецца ў тым жа статусе, што і раней: падазраваны ў «атрыманьні хабару» (арт. 430 КК РБ). Але сьледзтва ідзе «па некалькіх напрамках», пра адзін зь якіх ён вырашыў расказаць публічна, бо адчувае «мэтанакіраваны перасьлед», а пад «махлярства» такім чынам могуць падвесьці ці не любога журналіста.

Пасьля вызваленьня зь СІЗА праваахоўнікі амаль не турбавалі Сацука, кажа ён Свабодзе. Цяпер жа сталі часта выклікаць на допыты: хадзіў у панядзелак і сёньня, пойдзе заўтра. І толькі ў панядзелак пачалі пытаць пра хабар.

«Калі ёсьць факт правапарушэньня, злачынства — ладна, працуйце па гэтым факце, — разважае ён. — Але яны проста ўсе дакумэнты канфіскуюць, усе апэрацыі глядзяць, спрабуюць знайсьці хоць нешта. Гэта ўжо перасьлед, а не расьсьледаваньне».

Сацук дадае, што нейкія сьледчыя дзеяньні аб «махлярстве» могуць пачынацца тады, калі ёсьць заява пацярпелага. Ён упэўнены, што ніякіх такіх заяваў на яго быць ня можа. Сацук даваў сьледзтву ў тым ліку ўсе крыніцы, зь якіх яму пераводзілі грошы, і ўпэўнены, што ніхто з гэтых людзей ня стаў бы падаваць на яго заявы, бо расьсьледаваньні публікаваліся.

«Не журналіст», таму «махлярства»? Сацук кажа, пацярпелых не было

Як патлумачыў Свабодзе Сяргей Сацук, сам сьледчы яму наўпрост сказаў:

«Думаў, вы журналіст, а аказваецца, зусім не журналіст — вось у законе „Аб СМІ“ сказана, што вы не журналіст». Аб тым, хто тады рэдактар «Ежедневника», сьледчы казаў: «Хто заўгодна, але не журналіст, і расьсьледаваньні гэтыя — што заўгодна, але не журналісцкія расьсьледаваньні».

Сацуку не сказалі наўпрост, што ягоную крымінальную справу зьбіраюцца перакваліфікаваць, але ён упэўнены: з пытаньняў і заяваў сьледчага вынікала, што справу хочуць перакваліфікаваць на «махлярства» (арт. 209 КК РБ). Сьледчы, кажа Сацук, літаральна цытаваў склад артыкула, прыкладам — «вы ўводзілі людзей у зман».

Паводле сьледчага, Сацук, ня будучы журналістам, пераводзіў грошы, сабраныя на журналісцкія расьсьледаваньні, на карту растэрміноўкі. Тлумачэньні Сацука сьледчага не задаволілі, далей «будуць разьбірацца».

Сацук не адмаўляе, што прапаноўваў карту як адзін са шляхоў ахвяраваньняў на расьсьледаваньні (гэта была «проста зручная» форма пераводаў, кажа ён). Але адзначае: ён ня ладзіў «мэтавага збору» на нешта канкрэтнае (матэрыял на канкрэтную тэму або куплю канкрэтнага абсталяваньня) і мог бы «праесьці» ахвяраваныя грошы, а на расьсьледаваньні (прыкладам, на аплату запытаў у Адзіны дзяржаўны рэестар) траціць грошы зь іншай крыніцы.

Прэтэнзіі, мяркуе ён, маглі б быць тады, калі б расьсьледаваньні не праводзіліся. І калі хтосьці з тых, хто ахвяраваў грошы на расьсьледаваньні, застаўся незадаволены справаздачамі, Сацук прапануе зьвяртацца асабіста да яго па вяртаньне сродкаў.

Старшыня БАЖ: «Не дзяржава павінна вызначаць, хто журналіст»

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа Свабодзе, што ў гэтай сытуацыі трэба асобна разглядаць два аспэкты: абвінавачаньне ў тым, што Сацук браў грошы і нібыта «ўводзіў у зман» людзей, і сам тэрмін «журналіст».

Бастунец тлумачыць: у беларускім заканадаўстве ёсьць азначэньні «журналіста сродку масавай інфармацыі» (а інтэрнэт-выданьні не адносяцца да СМІ «аўтаматычна», трэба рэгістравацца як «сеткавае выданьне») і «журналіст замежнага сродку масавай інфармацыі». Але беларускія ўлады намагаюцца абмежаваць сьпіс тых, хто можа быць журналістам.

«Для нас журналіст — гэта той, хто займаецца журналісцкай дзейнасьцю, — кажа старшыня БАЖ. — Менавіта такога падыходу прытрымліваюцца эўрапейскія структуры. У свой час так выказвалася Вэнэцыянская камісія, калі БАЖ атрымаў папярэджаньне ад Мін'юсту. Казала, што гэта не дзяржава павінна вызначаць, хто журналіст, гэта павінны вызначаць журналісцкія арганізацыі.

Калі вяртацца да першага пытаньня пра махлярства. Падаецца, што сьледзтва спрабуе любымі сродкамі „прышыць справу“ Сацуку, ня тую, дык іншую. Бо рэч ня толькі і ня столькі ў тэрміналёгіі. Сяргей ажыцьцяўляў тыя дзеяньні, на якія зьбіраў грошы? Так. Праводзіў расьсьледаваньні, якія паўсюль называюцца журналісцкімі (у адрозьненьне ад расьсьледаваньняў, якімі займаюцца кампэтэнтныя органы), публікаваў іх вынікі. І пра што тут можа ісьці гаворка?»

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG