5 чэрвеня ў жывой трансьляцыі на YouTube прэтэндэнт на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Віктар Бабарыка першай справай выказаўся наконт заяваў пра войны, расстрэлы і «краіну яны не атрымаюць», не назваўшы пры гэтым прозьвішча Лукашэнкі.
«Першае. Хтосьці, ня важна хто, прысвоіў сабе права гаварыць ад імя краіны. Хтосьці лічыць, што беларусы — гэта яго прыгонныя, якімі можна памыкаць. Я хачу сказаць, што беларусы — гэта нацыя з багатай гісторыяй. Ня важна, якая яна была, цяжкая ці лёгкая, але беларусы самі вызначалі заўжды сваё жыцьцё, і ніхто ня мае права прысвойваць нашу краіну.
Другое. Хтосьці нас пужае агрэсіяй, кровапраліцьцем і ахвярамі. Я магу дакладна сказаць: беларусы — мірныя людзі, яны не дапусьцяць ніякага кровапраліцьця, ад каго б гэтая пагроза ні паходзіла. І беларусы маюць сілы, каб паставіць на месца любога чалавека або любую групу людзей, якая абвяшчае, што мае права страляць, расстрэльваць і пагражаць кровапраліцьцем уласнаму народу.
Трэцяе. Мы гаворым пра тое, што ўвесь дабрабыт краіны збудаваны і заваяваны народам. Ніхто ня мае права гаварыць, што я або мы далі гэтай краіне шчасьце. Шчасьце краіны, шчасьце кожнай сямʼі, шчасьце кожнага чалавека — гэта заслуга беларускага народу. Я хачу, каб вы дакладна разумелі. Усе зьмены, якія адбываюцца ў Беларусі — гэта зьмены, права на якія дадзена толькі беларускаму народу. І 9 жніўня беларускі народ вынесе ўласнае сваё суджэньне пра тое, хто і як часова будзе прадстаўляць яго з мэтай забясьпечыць дабрабыт усяго беларускага народу. Гэта вельмі важная для мяне заява. І я сапраўды веру ў тое, што мы не «народзец» — мы народ, свабодны, шчасьлівы».
Напярэдадні, 4 чэрвеня, кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што адно з найважнейшых дасягненьняў Беларусі — мір і стабільнасьць. Пасьля гэтага ён прыгразіў «нагадаць», як адбываліся масавыя расстрэлы дэманстрантаў.
«Некаторым беларусам здаецца, што гэта дзесьці далёка Ўкраіну разбурылі, ідзе вайна там, адхапілі частку тэрыторыі, — сказаў Лукашэнка. — Недзе далёка Малдова, якую падзялілі напалам, Прыднястроўе і заходняя частка. Забыліся, як у Літве ваявалі, з боем адстойваючы незалежнасьць і сувэрэнітэт у савецкія часы за Гарбачовым.
Забыліся, што сёньня яшчэ палае Каўказ, армяне з азэрбайджанцамі ваююць, ня могуць дамовіцца. Забыліся, што Грузія страціла амаль траціну сваёй тэрыторыі — спачатку Абхазію, потым Паўднёвую Асэтыю. Нарэшце, ніхто ня ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістану Душанбэ, каб навесьці парадак, колькі загінула там людзей, як з барадачамі змагаліся.
Забыліся, як былы прэзыдэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець ня хочам — некаторыя. Ну дык мы нагадаем».
Тады ж Лукашэнка заявіў, што ў яго складаецца ўражаньне, што некаторыя патэнцыйныя кандыдаты прыйшлі і за чыесьці грошы хочуць перакуліць краіну, дэстабілізаваць абстаноўку. «А вы бачыце, за чые грошы», — перадае ягоныя словы прэс-служба.
«Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць. Мы яе два зь лішкам дзясяткі гадоў, зьбіраючы крошкі, ствараючы гэтую квітнеючую краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі яе і пусьцілі з торбамі гэтых небаракаў, якія заўсёды пад бізуном хадзілі», — сказаў Лукашэнка.
Слова «народзец» стала папулярным пасьля выказваньня Лукашэнкі «народзец пабег у абменьнікі» ў верасьні 2013 году.