Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Менску прайшоў пікет за Лукашэнку. ВІДЭА

абноўлена

Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам Аляксандра Лукашэнкі
Пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам Аляксандра Лукашэнкі

У Менску на праспэкце Незалежнасьці, каля гандлёвага цэнтру Dana Mall, зьявіўся першы пікет за Аляксандра Лукашэнку.

Да пунктаў збору стаяць чэргі, у іх шмат моладзі. Подпісы зьбіраюць пад сьцягамі БРСМ, «Белай Русі» і Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Людзі, якія прыйшлі падпісацца за Лукашэнку, збольшага адмаўляюцца размаўляць ці камэнтаваць нешта Свабодзе на камэру. Тыя, хто ўсё ж пагаджаецца размаўляюць, кажуць, што прыйшлі па сваёй ахвоце і падтрымліваюць дзейнага прэзыдэнта.

Старшыня БРСМ Дзьмітры Варанюк
Старшыня БРСМ Дзьмітры Варанюк
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Орда
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Міхаіл Орда

Гучна грае музыка, побач арганізаваная нават гульнявая зона.

У нейкі момант да журналіста Свабоды падышла група актывістаў БРСМ і сябра Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч і пачалі задаваць правакацыйныя пытаньні. «Колькі вам заплацілі за эфір? Вам ня сорамна прадаваць краіну? Вы баіцеся нешта сказаць? Давайце пагаворым зараз».

Пад 19-ю гадзіну пікет згарнулі, людзі разышліся.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG