Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытыкуе Ўкраіну, сябруе з Расеяй, будуе АЭС. 7 фактаў аб прэм’ер-міністру Вугоршчыны, які прыбыў у Менск


Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан

5 чэрвеня ў Беларусі з афіцыйным візытам знаходзіцца прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан. У менскім Палацы Незалежнасьці яго прыняў Аляксандар Лукашэнка.

Віктар Орбан у Эўразьвязе мае рэпутацыю аўтарытарнага кіраўніка, сябра Ўладзіміра Пуціна. СМІ ў гэтай краіне знаходзяцца пад моцным кантролем уладаў.

Радыё Свабодная Эўропа плянуе гэтым летам аднавіць вяшчаньне на Вугоршчыну ў лічбавым фармаце. Пра Аляксандра Лукашэнку да сёньняшняга візыту Орбан нічога публічна не казаў.

Свабода сабрала, што яшчэ варта ведаць пра Віктара Орбана і ягоную краіну.

Віктар Орбан з Аляксандрам Лукашэнкам 5 чэрвеня 2020 году
Віктар Орбан з Аляксандрам Лукашэнкам 5 чэрвеня 2020 году

Прыхільнік «нелібэральнай дэмакратыі»

Віктар Орбан другі раз прыйшоў да ўлады ў 2010 годзе, калі перамагла ягоная партыя «маладых дэмакратаў» Fidesz. Яшчэ ў сваёй перадвыбарнай праграме ён заявіў, што хоча пабудаваць у краіне «нелібэральную дэмакратыю».

Ягоная палітыка амаль адразу была раскрытыкаваная Брусэлем за спробу празьмернай канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, парушэньні эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Пры гэтым наднацыянальныя органы Эўразьвязу нічога зрабіць з «дунайскім паўдыктатарам» ня могуць.

У эўрапейскай прэсе Орбан атрымаў мянушку «міні-Пуцін». З расейскім прэзыдэнтам Пуціным ён неаднаразова сустракаўся і ўхваляў, як той супрацьстаіць спробам усталяваньня «аднапалярнага сьвету».

Уладзімер Пуцін (зьлева) і Віктар Орбан, кастрычнік 2019 году
Уладзімер Пуцін (зьлева) і Віктар Орбан, кастрычнік 2019 году

Перафарматаваў дзяржаўную сыстэму

Дзякуючы таму, што Fidesz атрымаў канстытуцыйную большасьць у парлямэнце, Орбан перафарматаваў парадкі, у 2012 годзе была ўхваленая новая Канстытуцыя Вугоршчыны. Сярод іншага Орбан увёў магчымасьць хуткага атрыманьня вугорскага грамадзянства для суродзічаў з суседніх краінаў. Такой магчымасьцю скарысталіся больш за паўмільёна чалавек.

Арганізаваў кадравую чыстку чыноўнікаў і перабудаваў сыстэму дзяржаўных органаў. У краіне ўсяго 8 міністэрстваў (у Беларусі — 24). Орбан кансалідаваў энэргетычны сэктар у руках дзяржавы і ўзмацняе банкаўскі сэктар, бо большасьць банкаў належыць замежным інвэстарам.

Ягоная папулісцкая палітыка выгадная для насельніцтва. Орбан наклаў дадатковыя падаткі на замежныя карпарацыі, спыніў супрацу з МВФ, але зьнізіў падаткі для малога і сярэдняга бізнэсу, узьняў мінімальны заробак і пэнсіі, прымусіў энэргетычныя канцэрны зьнізіць цэны на газ, электрычнасьць і цэнтральнае ацяпленьне.

Орбан кантралюе СМІ, лабіюе блізкіх да сябе бізнэсоўцаў і выдзяляе дзяржаўныя грошы для агітацыі за ўласную партыю.

Віктар Орбан
Віктар Орбан

Крытыкуе Сораса, за грошы якога атрымаў адукацыю

Орбан выступае рэзкім крытыкам іншага ўраджэнца Вугоршчыны — фінансіста і філянтропа Джорджа Сораса. Нягледзячы на тое, што ў свой час на грошы Сораса атрымаў адукацыю на Захадзе.

«Некаторыя людзі спрабуюць захапіць гэтую краіну, яны хочуць яе абрабаваць, яны хочуць забраць яе рэсурсы. На чале гэтай сеткі стаіць Джордж Сорас, яго людзі знаходзяцца ў Брусэлі на пасадах, зь якіх цяпер ідзе крытыка ў адрас Вугоршчыны», — казаў Орбан у адной са сваіх прамоваў.

Ён неаднаразова заяўляў, што не жадае вяртацца да эканомікі, заснаванай на «дапамозе», таму што ў канцы «дапамогі» трэба будзе ўзяць крэдыт, у асноўным з-за мяжы. А затым «мы зноў зьвернем на вуліцу, якая сканчаецца МВФ і фінансавымі спэкулянтамі кшталту Джорджа Сораса».

Прэм’ер паабяцаў, што неўзабаве венгры атрымаюць «калясальны плян аднаўленьня нацыянальнай эканомікі».

Віктар Орбан падчас пленарнага пасяджэньня ў парлямэнце ў Будапешце, 23 сакавіка 2020 году
Віктар Орбан падчас пленарнага пасяджэньня ў парлямэнце ў Будапешце, 23 сакавіка 2020 году

Мае дадатковыя паўнамоцтвы на час пандэміі

Візыт вугорскага прэм’ера адбываецца ўмовах пандэміі каранавірусу, калі міжнародная актыўнасьць па-за відэафарматам зьведзеная да мінімуму. Перамовы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў адбываюцца ў рэжыме онлайн, асабістыя кантакты выключаныя.

Але паколькі ў Беларусі не абвяшчалі карантыну, наземныя і паветраныя межы фармальна адкрытыя, у тым ліку і для замежных кіраўнікоў. Беларусь цяпер займае месца ў дваццатцы краінаў з найбольшай колькасьцю інфікаваных — амаль 46 тысяч чалавек, 253 памерлі. У Вугоршчыне 4 тысяч інфікаваных каранавірусам і паўтысячы памерлых.

У сувязі з пандэміяй Орбан атрымаў дадатковыя паўнамоцтвы, што выклікала крытыку ў Эўразьвязе. 31 сакавіка ўступіў у сілу закон, згодна зь якім урад указамі і дэкрэтамі можа працягваць асаблівы рэжым без санкцыі парлямэнту, прыпыняць выкананьне асобных законаў і ўжываць «выключныя меры». Таксама ўведзена крымінальная адказнасьць для тых, хто ва ўмовах «асаблівага прававога парадку» распаўсюджвае недакладныя факты. Апошні пункт усхваляваў праваабаронцаў, бо дазваляе перасьлед за крытычныя выказваньні.

Сустрэча Лукашэнкі і Орбана 5 чэрвеня 2020 году ў Менску
Сустрэча Лукашэнкі і Орбана 5 чэрвеня 2020 году ў Менску

Ужо быў у Беларусі, але ў ролі заўзятара

Прыезд вугорскага кіраўніка такога ўзроўню — першы ў гісторыі двухбаковых адносінаў. Але Віктар Орбан у Беларусі ўжо быў — у ролі футбольнага заўзятара.

6 чэрвеня 2018 году ў Берасьці адбыўся таварыскі матч паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Вугоршчыны. Загадзя прысутнасьць на трыбунах высокага госьця не анансавалася, аднак адзін з прадстаўнікоў Беларускай фэдэрацыі футболу тады пацьвердзіў: «Так, Віктар Орбан быў на матчы, гэта дакладна». Пазьней зьявілася пацьверджаньне пра чартэрны рэйс з Будапэшту ў берасьцейскі аэрапорт.

У амбасадзе Вугоршчыны ў Менску інфармацыю тады не абверглі і не пацьвердзілі, бо кіраўнік краіны мае права на прыватнае жыцьцё, а дыпляматы гэта камэнтаваць не ўпаўнаважаныя.

Плянуе пабудаваць АЭС па расейскім праекце

Як і Беларусь, Вугоршчына робіць стаўку на атамную энэргетыку, за аснову ўзяты той жа праект расейскай карпарацыі «Росатом» ВВЭР-1200, які рэалізуецца ў Астраўцы.

У пачатку 2020 году кіраўніцтва Міністэрства энэргетыкі Беларусі заявіла, што адмыслоўцы ведамства гатовыя далучыцца да праекту ўзьвядзеньня двух блёкаў АЭС у Вугоршчыне.

Адзначалася, што спэцыялісты зь Беларусі, якія ўжо атрымалі досьвед падчас будаўніцтва Астравецкай АЭС, будуць прыцягвацца карпарацыяй «Росатом» на будоўлю вугорскай атамнай электрастанцыі «Пакш».

У пачатку сакавіка беларускія прадстаўнікі выяжджалі ў Вугоршчыну і дамовіліся, што дэлегацыя адтуль прыедзе ў Менск для больш прадметных перамоваў. Але каранавірус прыпыніў супрацу.

Пакуль Вугорская АЭС знаходзіцца ў стадыі праектаваньня.

Віктар Орбан
Віктар Орбан

Выступае адвакатам Масквы і крытыкуе Кіеў

Вугоршчына як паўнапраўны чалец уваходзіць у Эўразьвяз, аднак сам Орбан пасьлядоўна выступае як эўраскептык. Ён востра крытыкаваў рашэньне Эўразьвязу адкрыць межы для ўцекачоў з Сырыі. Таксама падтрымаў Расею ў канфлікце з Украінай і заклікаў Эўразьвяз зьняць эканамічныя санкцыі супраць Крамля за анэксію Крыму і разьвязваньне вайны на Данбасе.

«Гэтыя меры разыходзяцца з эканамічнымі інтарэсамі Вугоршчыны і самога Эўразьвязу, — заявіў ён у інтэрвію эканамічнаму выданьню Világgazdaság. — Шырокафарматнае супрацоўніцтва з Масквой дасьць шанец нашай краіне годна выйсьці з эканамічнага крызісу».

Падчас леташняй сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам Віктар Орбан спрабаваў пераканаць амэрыканскага лідэра ў неабходнасьці зьмякчэньня антырасейскіх санкцый і ў той жа час выстаўляў Украіну «безнадзейна карумпаванай» дзяржавай.

Раней Орбан таксама крытыкаваў афіцыйны Кіеў за ўціск моўных правоў этнічных меншасьцяў. 200 тысяч вугорцаў, якія жывуць у Закарпацьці, маюць права на двайное грамадзянства, на нацыянальную супольнасьць і на аўтаномію, заявіў ён сёлета ў красавіку, выступаючы ў парлямэнце.

Віктар Орбан на сэсіі Эўрапарлямэнту, 2017 год
Віктар Орбан на сэсіі Эўрапарлямэнту, 2017 год

У сувязі з праблемамі нацыянальнай меншасьці Вугоршчына блякуе інтэграцыю Ўкраіны і NATO.

Ві́ктар О́рбан (Orbán Viktor) нарадзіўся 31 траўня 1963 году. Прэм’ер-міністар Вугоршчыны з 1998-га па 2002 год, а таксама з 2010 году. Веравызнаньнем кальвініст. Жанаты, мае пяцёра дзяцей.

Палітычную дзейнасьць пачаў у 1988 годзе як чалец-заснавальнік партыі «Фідэс». Агульнанацыянальную вядомасьць атрымаў дзякуючы выступу 16 чэрвеня 1989-га на цырымоніі перапахаваньня Імрэ Надзя і іншых палітычных дзеячоў, пакараных у 1958 годзе.

У 1990-м, на першых выбарах у посткамуністычнай Вугоршчыне, быў выбраны дэпутатам парлямэнту, куды потым шматкроць перавыбіраўся. У 1998 годзе пасьля перамогі партыі «Фідэс» на парлямэнцкіх выбарах сфармаваў правацэнтрысцкі ўрад.

Прыхільнік мадэлі кіраваньня, якая прадугледжвае вядучую ролю прэм’ер-міністра ў сыстэме ўлады. Узмацніў ролю канцылярыі прэм’ера, правёў радыкальную рэформу дзяржаўнага апарату, якая прывяла да стварэньня супэрміністэрства эканомікі. Імкненьне Орбана да зьніжэньня ролі парлямэнту ў палітычных працэсах пры ўзмацненьні асабістага ўплыву прэм’ера выклікала рэзкую крытыку з боку апазыцыі, якая абвінаваціла яго ў аўтарытарных тэндэнцыях і імкненьні ўплываць на СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG