Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прэм’ер Вугоршчыны падпарадкаваў сабе СМІ, не парушаючы законаў


Прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана
Прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана

У Будапэшце працягваюцца буйныя акцыі пратэсту супраць ураду прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана і новага працоўнага заканадаўства, якое пратэстоўцы называюць «рабскім».

Віктар Орбан ня першы год перакройвае Вугоршчыну на свой густ: паменш лібэралізму, пабольш нацыянал-кансэрватызму, піша ў сваім матэрыяле «Настоящее время».

СМІ

Сабраць усе магчымыя СМІ краіны пад крыло і паставіць на чале іх свайго чалавека. Даўні плян Віктара Орбана рэалізаваны. Яшчэ з 2010 году ягоныя прыхільнікі скуплялі рэдакцыі: інтэрнэт, тэлебачаньне, радыё, прэсу — усё, да чаго даходзілі рукі. Сабралі амаль паўтысячы СМІ і 10 мэдыякампаній. У лістападзе гэтага году ўсіх іх бязвыплатна перадалі ў Цэнтральны фонд прэсы і мэдыя, створаны прэм’ерам.

На чале арганізацыі — даўні саюзьнік Орбана, у ягонай уладзе — найбуйнейшыя тэлеканалы і ўсе газэты Вугоршчыны. Але прэтэнзіі ад антыманапольных органаў фонду не пагражаюць, прэм’ер-міністар паклапаціўся.

«Згодна з дакумэнтам, падпісаным Орбанам, гэта пытаньне дзяржаўнай важнасьці. Гэта значыць фонд ня будзе даваць справаздачу ні перад мэдыярегулятарам, ні перад антыманапольным органам» (Index, Вугоршчына).

Рэакцыя вугорскіх СМІ на «зьліцьцё» чакана стрыманая, але незалежныя аналітыкі б’юць трывогу.

«Яны нават не імкнуцца рабіць выгляд, што розныя выданьні адлюстроўваюць незалежныя пункты гледжаньня. Цалкам відавочна, што перад намі — мэдыяімпэрыя, якой кіруюць з аднаго цэнтру», — сказала Далма Дойчак, юрыст Саюза грамадзянскіх свабодаў Вугоршчыны.

Адукацыя

Акрамя непажаданых СМІ, Орбан сёлета пазбавіўся і ад ненавіснага яму «апірышча лібэралізму» — Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту. Створаны Джорджам Сорасам у 1991 годзе, ЦЭУ навучаў студэнтаў паводле амэрыканскай праграмы. У пачатку 2017 году Вугоршчына вырашыла, што гэта незаконна. Спробы ВНУ знайсьці кампраміс апынуліся беспасьпяховымі.

Барацьба з заснаваным Сорасам унівэрсытэтам цягнулася так доўга, што вугорцы ад яе стаміліся, таму бурнай рэакцыі на пераезд амэрыканскіх праграм унівэрсытэту ў Вену не было. Праўладныя СМІ парадаваліся, незалежныя — нясьмела асудзілі:

«21 замежная ВНУ працуе ў краіне, і толькі ЦЭУ парушае закон» (Hir TV, Вугоршчына).

«Гэта не ўнівэрсытэт, гэта незаконная школа, бізнэс, які раздае адпаведна амэрыканскія дыплёмы» (888.hu, Вугоршчына).

Міжнародная рэакцыя на апошнія ініцыятывы Віктара Орбана сапраўды апынулася вельмі стрыманай. Замежныя журналісты і праваабаронцы бядуюць аб пераезьдзе Унівэрсытэта і з асьцярогай ставяцца да стварэньня праўладнага мэдыяфонду, але ні дыпляматы, ні палітыкі з публічным асуджэньнем не сьпяшаюцца. Бо, на першы погляд, ніякіх эўрапейскіх законаў урад Вугоршчыны не парушае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG