Увечары 3 чэрвеня дачка Святланы з Нароўлі гуляла ў прыватным сэктары гораду разам з аднаклясьніцай. Праходзячы каля аднаго з участкаў, дзяўчаты пачулі, як скуголіць сабака. Прыглядзеліся — за плотам стаялі двое дарослых. Жанчына трымала сабаку, а мужчына забіваў яго сякерай. Дачка Святланы зьняла забойства жывёлы на відэа.
Свабода даведалася пра абставіны здарэньня.
«Гэта жах. Я вам расказваю, і мяне ўсю трасе»
Святлана кажа, што яе 13-гадовая дачка вельмі любіць жывёлаў — пакорміць і пагладзіць усіх котак і сабак. Увечары 3 чэрвеня, калі адбылося забойства, яна гуляла з аднаклясьніцай.
«Яны пачулі, што сабака ці то брэша, ці то вішчыць. Вырашылі паглядзець, што адбываецца. Праз плот убачылі, што ў глыбіні ўчастка жанчына трымае сабаку, а побач стаіць мужчына».
Так дзяўчаты пабачылі, як у двары забіваюць сабаку. Дачка Святланы прыбегла дадому са словамі: «Мама, там сабаку секлі сякерай!». Сьвятлана пайшла да дома, на які паказала дачка.
«Я так і не зразумела, адзін жыве ці з кімсьці. Хацела высьветліць, што за жанчына была разам зь ім, калі сабаку забіваў. Потым я знайшла нумар участковага, патэлефанавала. Ён хутка прыехаў да нас, мы паказалі, дзе дом знаходзіцца. Потым я пайшла на працу. Я ў «хуткай» працую, мэдсястрой на прыёме выклікаў. Да нас туды прывезьлі на мэдычны агляд двух мужчын, а жанчыну не. Мужчына быццам бы ўзяў усё на сябе. Абодва мужчыны былі ў стане алькагольнага ап'яненьня».
Святлану цікавіць, чаму разам зь імі не прывезьлі жанчыну, якую бачыла яе дачка:
«Яна не пасіўная ўдзельніца, яна трымала сабаку, — абураецца жыхарка Нароўлі. — Гэта жах. Я вам расказваю, і мяне ўсю трасе».
«Мне самому есьці няма чаго, сабаку няма чым карміць»
Забітую суку звалі Маша. У той вечар Святлана высьветліла, што яна зьявілася ў мужчыны каля 8 месяцаў таму. Адна з жыхарак Нароўлі знайшла яе каля сьмецьцевых бакаў, некаторы час даглядала, а потым прапанавала ўзяць людзям у прыватны сэктар.
«Я з гэтай жанчынай пагутарыла. Яна дапамагала сабаку карміць, два разы на дзень ежу прыносіла. А апошнія пару дзён яна хварэла, таму не хадзіла. І вось яны ўсё, забілі яе».
Па словах Святланы, яе дачка ўсё зразумела і адышла ад шоку: «І я ёй патлумачыла, што мы будзем рабіць усё, каб пакараць гэтых злачынцаў. Мы проста так гэтага не пакінем».
Каб даведацца, што яшчэ можна зрабіць, Святлана патэлефанавала Марыне Мытніцкай, якая як валянтэрка даглядае бяздомных жывёлаў. Жанчына стала панятой, калі міліцыя працавала на месцы забойства.
«Я прысутнічала, пакуль міліцыя рабіла свае справы, бачыла таго мужчыну. Была там з 22 вечара да 4 раніцы. Ён прызнаўся, што забіў. Яму задалі пытаньне: „Чаму ты гэта зрабіў?“ Ён адказаў: „Мне самому есьці няма чаго, сабаку нечым карміць, таму я такім спосабам ад яго пазбавіўся“. Паказаў, дзе закапаў цела. Рэагаваў ён на ўсё звычайна, не раскайваўся», — расказвае Марына.
«Я гэтую суку знала. У мяне на суседняй вуліцы дачны ўчастак, і я яе бачыла яшчэ летась, калі яна была шчаняткам. Ёй, можа, месяцы два было тады. На той участак [дзе адбылося забойства] у мяне прасілі яшчэ шчанюкоў, бо я знайшла бяздомную суку з сабачанятамі. Мы яе стэрылізавалі і прыстройвалі шчанятак. Я звычайна нікому проста так не аддаю. Вырашыла даведацца, што за людзі. Пайшла, паглядзела гэты дом. Ведаю, што там зьбіраліся на пʼянкі. І тады ўбачыла гэтага сабачку. Я ім адмовіла, сказала, што ў вас ужо ёсьць. І вось у нас такое адбылося. Нават ня ведаю, як назваць», — працягвае зоаабаронца.
Па яе словах, мужчыну, які прызнаўся ў забойстве жывёлы, каля 50 гадоў, завуць Сяргей. Ён жыве адзін, але часам да яго прыходзіць родная сястра. Але Святлана кажа, што ён жыў з сужыцелькай.
Дзеяньні мужчыны падпадаюць пад артыкул 339-1 Крымінальнага кодэксу — «жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое прывяло да яе гібелі або калецтва, учыненае з хуліганскіх, карысьлівых ці іншых нізкіх матываў альбо ў прысутнасьці заведама малалетняга».
Юрыстка, дырэктарка Цэнтру абароны жывёлаў «Анімалекс» Настасься Жаўрыд будзе сачыць за гэтай справай і дапамагаць, калі зьявіцца патрэба. Яна кажа, што вельмі важна, каб такія выпадкі атрымлівалі грамадзкі рэзананс, а злачынцы — максымальнае пакараньне: «Каб людзі ведалі, што за гэта бывае».
«Вядзецца праверка»
«Паведамленьне пра здарэньне паступіла ў Нараўлянскі РУУС, — паведаміў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў. — Цяпер вядзецца праверка ў межах Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Пра вынікі праверкі будзе паведамлена».