Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы прыроды патрабуюць спыніць веснавое паляваньне на птушак і пасткі на дзікіх жывёл 


Паляваньне на ваўкоў
Паляваньне на ваўкоў

Ахова птушак Бацькаўшчыны адправіла зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай забараніць веснавое паляваньне на птушак і ўжываньне пастак, якія захопліваюць ногі жывёл.

У лісьце гаворыцца, што ў Беларусі дазволена паляваць на вадаплаўных птушак вясной 28 дзён, а ў рамках тураў — ажно 58 дзён, ад 14 сакавіка да 10 траўня. Для параўнаньня, у Расеі сэзон толькі 10 дзён, а ў Эўразьвязе такое паляваньне зусім забаронена, бо гэта якраз пэрыяд міграцыі і размнажэньня.

«У Беларусі дазволена страляць шэрых гусей, калі ў іх ужо ёсць кладкі, а ў канцы красавіка і маленькія птушаняты. Прычым абмежаваньняў на здабычу вадаплаўнай дзічыны ў краіне няма, нярэдка ў сацсетках можна пабачыць фота паляўнічых зь дзясяткамі гусей альбо качак. Хваляцца адзін перад адным, хто больш настраляў», — адзначаюць абаронцы жывой прыроды.

Часьцяком пад агонь трапляюць качкі, хоць здабываць вясной дазволена толькі качараў; часам зьнішчаюцца і рэдкія віды, уключаныя ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Многія паляўнічыя скардзяцца, што ўвосень месцамі няма на каго паляваць: усе выбіта вясной.

У звароце таксама нагадваецца, што ў Беларусі дазволена ўжываць ногазахопныя пасткі. Жывёлы, трапляючы туды, паміраюць пакутлівай сьмерцю, часам адгрызаюць сабе лапу. Прычым не заўсёды пападаецца жывёла, на якую разьлічвае паляўнічы. Часам гэта «чырванакніжнікі», напрыклад беркут або арлан-белахвост. У Эўропе дзейнічае забарона на такія пасткі.

Такім чынам, Беларусь вылучаецца сярод іншых краінаў, але ня ў лепшы бок, падсумоўваюць аўтары ліста.

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» разьлічвае, што ўдасца пераканаць улады забараніць зьнішчальную практыку веснавога паляваньня і жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG