Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Думаю, іх маглі падкінуць». Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў 

«Думаю, іх маглі падкінуць». Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў 


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Прэтэндэнтка на вышэйшую пасаду ў размове з карэспандэнтам Свабоды пракамэнтавала знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў на лецішчы пад Гомлем, якое належыць маці яе мужа, затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я проста ў шоку! — плача Сьвятлана. — Мы з хлеба на ваду перабіваемся, а тут такія грошы! Мяркую, іх маглі падкінуць. Маці Сяргея 71 год, яе ноч марнавалі, і яна перахвалявалася. Калі пачалі даставаць даляры, яна сказала, што „гэта мы з сынам зараблялі“, бо ня ведала і ня бачыла, колькі там. Маці Сяргея, калі хвалюецца, бянтэжыцца, усё забывае, тым больш да гэтага ноч ня спала».

Сьвятлана абурылася, як у «гэтых людзей (міліцыянтаў. — РС) хапае сумленьня так абыходзіцца» зь Сяргеем і ягонай сям’ёй.

У гомельскім доме блогера Сяргея Ціханоўскага, кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнткі на кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, сьледчыя знайшлі 900 тысяч даляраў, паведаміў Свабодзе раніцай 4 чэрвеня паплечнік Ціханоўскіх Аляксандар Кабанаў. Пазьней інфармацыю пацьвердзілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Беларускія карыстальнікі сацыяльных сетак успрынялі гэтае паведамленьне зь недаверам і сарказмам.

Сам Сяргей Ціханоўскі пасьля затрыманьня 29 траўня ў Горадні цяпер знаходзіца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG