Пра гэта Свабодзе расказаў паплечнік Ціханоўскіх Аляксандар Кабанаў. Паводле яго інфармацыі, пералічваньне купюраў працягваецца дагэтуль.
«Я магу паведаміць толькі тое, што мне вядома на гэты момант, — кажа Аляксандар Кабанаў. — Інфармацыю маю ад людзей, якія знаходзяцца на месцы вобшуку. Перапіс купюр яшчэ працягваецца. Іх знайшлі ўначы, прыкладна паміж 1-й і 4-й гадзінамі.
Грошы знайшла ўжо трэцяя сьледчая брыгада, якая прыехала на месца (лецішча месьціцца ў 25 км ад Гомля. — РС). Яны зьмяняліся на працягу ўсяго пэрыяду вобшуку. Панятыя таксама зьмяняліся, у дом нікога не пускалі. Разам з маці Сяргея Ціханоўскага ў якасьці панятых на месцы вобшуку хацелі прысутнічаць яго знаёмыя і сябры, але ім адмовілі.
Трэцяя брыгада сьледчых знайшла частку грошай у адным месцы, яшчэ частку — у другім. Гэта не былі нейкія таемныя месцы. Там ужо праводзілі вобшук і раней нічога не знайшлі».
Як удакладняе Кабанаў, акрамя грашовых сродкаў, сьледчыя выявілі пнэўматычнае ружжо, а таксама вялікую колькасьць дакумэнтаў, датычных дзейнасьці фірмы Сяргея Ціханоўскага і асабіста яго як індывідуальнага прадпрымальніка. Па словах Аляксандра Кабанава, перапіс забраных дакумэнтаў праведзены ня быў, іх проста склалі ў скрынкі.
Вобшук на лецішчы, якое належыць маці Сяргея Ціханоўскага і месьціцца ў 25 км ад Гомля, пачаўся прыкладна а 17-й гадзіне 3 чэрвеня. Ён цягнецца дагэтуль.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.