Трэцяга чэрвеня ўвечары да рэстарацыі «Поедем поедим», што за 50 мэтраў ад Курапатаў, прыйшлі 10 пікетоўцаў. Звычайна яны на варце па чарзе, але сёньня сабраліся разам, бо мінула два гады ад пачатку курапацкай варты.
Яны кажуць, што іх мэты тыя самыя, што і ў дзень адкрыцьця рэстарацыі:
- дамагчыся закрыцьця забаўляльнай установы,
- прыцягнуць да адказнасьці тых, хто прычыніўся да яе зьяўленьня на гэтым месцы.
Пікетоўцы лічаць, што для таго, каб пабудаваць рэстарацыю, незаконна скарацілі ахоўную зону Курапатаў.
Забаўляльная ўстанова побач зь месцам масавых расстрэлаў супярэчыць грамадзкай маралі і зьневажае памяць дзясяткаў тысяч ахвяр, лічаць актывісты.
Які плён пікетаваньня, і ці варта працягваць?
Павал Севярынец, сустаршыня БХД, назваў тры здабыткі курапацкай варты:
- «Мы не далі раскруціцца рэстарацыі, за два гады яна так і не паднялася».
- «За гэты час пра Курапаты даведаліся дзясяткі тысяч».
- «Варта абуджае людзей, гэта яшчэ адзін цэнтар супраціву».
На сёньняшні пікет ён прыехаць ня змог, бо каля дому яго пільнавала міліцыя.
Леанід Кулакоў. Пікетуе рэстарацыю ад яе адкрыцьця. Аднойчы падчас пікету яго зьбіў аўтамабіль — зламаў руку. Яго шмат разоў затрымлівалі, штрафавалі. За штрафы канфіскавалі ягоны аўтамабіль і апісалі маёмасьць. Больш як год Кулакоў ня можа ўладкавацца на працу.
Кажа, што гатовы пікетаваць далей, але былой упэўненасьці ў перамозе ў яго няма.
«Калі народ Беларусі ня можа абараніць гэты маленькі кавалачак зямлі, дык як ён зможа перамагчы на плошчы?» — кажа Леанід Кулакоў.
Рыгор Асавула. Электрык, беспартыйны. Пікетуе ўжо год, бо, кажа, «мяне навучылі паважаць памерлых».
«Варта каля рэстарацыі ў Курапатах пакуль не дала бачнага выніку, але яна паказвае, што лёгкіх перамог не бывае», — кажа Рыгор і дадае, што пікетаваньне трэба працягваць.
Валер Рабцаў. Кажа, напачатку ў пікеце стаяла больш за 20 чалавек, «а цяпер адзінкі, і тое ня кожны дзень». Ён працягвае прыходзіць на пікеты каля Курапатаў, але лічыць, што «тут ужо нічога не вырашаецца».
«Усё будзе вырашацца на плошчы, і толькі плошча зможа за адзін дзень закрыць гэты шынок, а мы тут марнуем час і сілы».
Ніна Багінская. Пэнсіянэрка зь Менску. Вядомая ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту, у тым ліку адзіночных. Лічыць, што «шынок» належыць расейскай ФСБ: «Няйначай ім дапамагаюць, бо як яны жывуць без прыбытку два гады?» Яна стаіць у пікеце зь серады да пятніцы — бывае, што і адна.
«Мы ўзвалілі на сябе гэты цяжар, дык цяпер трэба не здавацца», — кажа Багінская.
Пётар Рабушка. Жыве пад Радашкавічамі — паўтары гадзіны дарогі ў адзін канец. Яшчэ 5 гадзін стаіць у пікеце. Паўтара года таму Рабушка заўважыў у Курапатах чалавека зь цяжкім заплечнікам, у якім, мяркуе, была кувалда, і паспрабаваў яго спыніць, але той уцёк. Пазьней аказалася, што ў Курапатах разьбілі лаву Клінтана — падарунак народу Беларусі ад народу ЗША, якая прастаяла з 1994 году.
Пётар Рабушка плянуе і далей браць удзел у вартах: «Сілы яшчэ ёсьць».
Пікетоўцы згадалі свайго паплечніка Барыса Дуброўскага, які раптоўна памёр дарогай з курапацкай варты. Ён звычайна дзяжурыў па аўторках. Цяпер у гэты дзень, бывае, на варту не прыходзіць ніхто.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.