Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Куды ж я ўкладу мае мільёны?» Суд забараніў актывісту Кулакову кіраваць аўтамабілем і наведваць казіно


Леанід Кулакоў
Леанід Кулакоў

Суд Першамайскага раёну пакараў актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова за нясплачаны штраф. Кулакоў атрымаў штраф у красавіку за ўдзел у малебне каля Катэдральнага сабору.

Справу актывіста разглядаў 11 сьнежня Першамайскі суд Менску з ініцыятывы Першамайскага аддзелу прымусовага выкананьня.

Судзьдзя Вольга Багам’я зачытала складзены на Леаніда Кулакова пратакол, выслухала яго тлумачэньні і абвесьціла пастанову.

«Абмежаваць грамадзяніна РБ Леаніда Кулакова ў праве кіраваньня мэханічнымі транспартнымі сродкамі да пагашэньня запазычанасьці адпаведна выканаўчаму дакумэнту суду Цэнтральнага раёну ад 24 красавіка ня больш як на 5 гадоў», — працытаваў актывіст пастанову суду. Кулакову таксама часова абмежаваны выезд з Беларусі ды забаронена наведваць гульнявыя ўстановы.

«Я зьдзівіўся: як так, а куды ж я буду ўкладаць свае заробленыя за часы змаганьня за дэмакратыю мільёны? Спытаў судзьдзю, ці дазволена мне хаця б наведваць публічныя дамы. Не атрымаў адказу», — згадаў пра суд Леанід Кулакоў.

Леанід Кулакоў сказаў, што ня ведае, як аплаціць штраф у 1147,5 рубля. Нядаўна ён атрымаў яшчэ адзін — на 1275 рублёў, за «Сход вольных людзей — 2», які адбыўся 16 лістапада.

«Жыву на грошы, заробленыя дробнымі паслугамі»

«Часам на ежу не хапае», — прызнаўся актывіст.

Ужо паўтара года Леанід Кулакоў ня мае магчымасьці працаваць таксістам. Ён быў звольнены з працы, а ягоны аўтамабіль трапіў на штраф-стаянку. За гэты час актывіст спрабаваў працаўладкавацца ў іншыя месцы, але безвынікова.

«Мяне не ўзялі на працу кантралёрам грамадзкага транспарту. Я думаў, што прычына толькі ў маёй палітычнай актыўнасьці. Бо начальнік управы пры асабістай сустрэчы мне гэтак і сказаў: „Як ты будзеш правяраць іншых, калі цябе самога ўвесь час штрафуюць?“. Але калі мяне не ўзялі наладнікам на гадзіньнікавы завод, потым на завод шасьцерняў, дык цяпер, я мяркую, дыскрымінацыя ёсьць і па ўзросьце, бо мне ўжо 60 гадоў», — кажа Леанід Кулакоў.

Актывіст зьбіраецца абскардзіць рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.

11 сьнежня Першамайскі раённы суд разгледзеў справу актывісткі Вольгі Мікалайчык, у якой таксама ёсьць запазычанасьці па штрафах. Паводле Леаніда Кулакова, Вользе Мікалайчык да сплаты штрафаў абмежавалі выезд за межы Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG