Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавек з арматурай рэгулярна прыходзіць у Курапаты». Што цяпер з лавай Клінтана, якую разбурылі год таму?


Сьледчыя аглядаюць разбураную лаву Клінтана, люты 2019 году
Сьледчыя аглядаюць разбураную лаву Клінтана, люты 2019 году

У лютым 2019 году ў Курапатах была разбураная «лава Клінтана» — мэмарыяльная пліта з надпісам па-беларуску і па-ангельску, якую прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан падчас візыту ў Беларусь у 1994 годзе перадаў у дар беларускаму народу ад народу ЗША.

Лаву Клінтана бурылі больш як 20 разоў. Пасьля апошняга акту вандалізму — яе кавалкі вывезьлі абаронцы Курапатаў.

Ці аднавілі лаву і калі плянуюць яе на сваё месца? Пра гэта Свабода спытала ў сакратара КХП-БНФ, дырэктара «Народнага мэмарыялу Курапаты» Алеся Чахольскага.

«Зь ёй цяпер усё нармальна»

«Лава сапраўды была на рэстаўрацыі. Пра вынік скажу гэтак, што яна ўжо ў нармальным стане. Канечне, бачна, што лава была расколатая, але ўдалося яе аднавіць вельмі добра.

А вось калі ўсталююць і дзе — гэтай інфармацыі пакуль даць не магу. Прыйдзе час, абавязкова ўсталююць. На тым жа месцы ці ў мэмарыяльным музэі — яшчэ ня вырашана. І калі ўсталююць, нельга сказаць, бо гэты час яшчэ не наступіў, а зноў рызыкаваць помнікам нельга», — сказаў Алесь Чахольскі.

Разбураная лава Клінтана, люты 2019 году
Разбураная лава Клінтана, люты 2019 году

Актывіст пацьвердзіў, што пасьля апошняга разбурэньня лавы Клінтана ў лютым 2019 году, калі яна была разьбітая больш як на 14 кавалкаў, гэтыя кавалкі з Курапатаў вывезьлі менавіта абаронцы народнага мэмарыялу.

«Кавалкі лавы вывезьлі і захавалі мы. А куды, сказаць не магу. Цяпер зь імі ўсё нармальна, не сумнявайцеся. І з боку праваахоўнікаў да нас прэтэнзій няма.

Лаву аднавілі, а яе каштоўнасьць толькі ўзрасла. Бо цяпер гэта і сьведчаньне таго, як адны баранілі памяць пра Курапаты, а іншыя яе зьнішчалі», — мяркуе Алесь Чахольскі.

Ці працягваецца сьледзтва?

У лістападзе 2018 году ў Курапатах быў усталяваны мэмарыяльны знак, які замовіла Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

18 сьнежня стала вядома, што на мэмарыяльным знаку зьявіліся драпіны ў выглядзе зоркі Давіда. Міліцыя пачала праверку, але па гарачых сьлядах вандала ці вандалаў не знайшлі.

А на пачатку лютага стала вядома пра новае здарэньне ў Курапатах — знакамітую лаву Клінтана нехта разьбіў на 4 кавалкі.

Сьледчы камітэт паведаміў пра завядзеньне крымінальнай справы па 1 частцы 344 артыкула Крымінальнага кодэксу — гэта «наўмыснае разбурэньне, зьнішчэньне ці пашкоджаньне помніка гісторыі і культуры», за што пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.

Але і гэта не спыніла зламысьніка. Яшчэ праз тыдзень рэшткі лавы Клінтана, якія заставаліся на ранейшым месцы, аказаліся разьбітыя ўжо больш як на 14 кавалкаў.

Як праходзіла сьледзтва па факце вандалізму ў Курапатах і ці ёсьць ад яго вынік?

Што сьледчыя зь Менскай раённай управы праводзілі пэўныя сьледчыя дзеяньні на месцы, дзе была ўсталяваная лава Клінтана, Свабодзе пацьвердзіў актывіст Алесь Чахольскі. Чахольскі згадаў, што сьледчыя рабілі замеры і фатаграфавалі кавалкі лавы Клінтана. Толькі пасьля гэтага актывісты змаглі забраць кавалкі і вывезьці з Курапатаў. Таксама вядома, што сьледчыя апытвалі сьведак падзей у Курапатах зь ліку абаронцаў мэмарыялу.

Самі абаронцы таксама спрабавалі знайсьці вандалаў ці затрымаць тых, хто мог мець дачыненьне да злачынства.

18 сьнежня абаронца Курапатаў Пётар Рабушка сустрэў непадалёк ад лавы Клінтана падазронага з кувалдай і сякерай. Гэты чалавек зьбег, калі спадар Рабушка ды іншыя актывісты паспрабавалі яго спыніць.

Другі падобны інцыдэнт адбыўся 8 лютага, ужо пасьля апошняга разбурэньня лавы Клінтана. Абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч таксама ўбачыў падазронага чалавека, спрабаваў яго затрымаць, а потым змог апісаць ягоныя прыкметы.

«Мы вырашылі зрабіць засаду. Недзе ў 20.30 зьявіўся нейкі чалавек. Ён уключыў ліхтар і падышоў да лавы. Як толькі я падбег, то ён зьнік. Я пабег за ім. Ён ужо быў у машыне на паркінгу, але я дасканала бачыў яго твар. Лысы, невысокі. Нумар машыны ў нас ёсьць», — казаў Дзяніс Урбановіч.

У сакавіку на мэмарыяльных камянях у Курапатах зьявіліся блакітныя зоркі Давіда, а плямы падобнай фарбы пікетоўцы ўбачылі каля брамы рэстарацыі «Поедем поедим». Зноў актывісты паведамілі ў міліцыю і дамагліся экспэртызы. А што казалі сьледчыя?

«У цяперашні час асобаў, затрыманых па справе аб разбурэньні „лавы Клінтана“, няма. На даручэньне сьледзтва працягваюцца апэратыўныя мерапрыемствы, адпрацоўваюцца асобы на датычнасьць да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў», — паведаміла летась у лютым афіцыйная прадстаўніца ўправы Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці Тацяна Беланог.

З таго часу афіцыйных зьвестак пра ход ці вынікі расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце разбурэньня лавы Клінтана ў Курапатах не зьяўлялася. Між тым, як стала вядома сёньня, расьсьледаваньне не спынялася.

«У рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы працягваюцца мерапрыемствы па ўстанаўленьні асобы, якая ўчыніла супрацьпраўнае дзеяньне», — паведаміў Свабодзе 21 лютага афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч.

«Ведаюць, таму і не шукаюць»

Другі год каля Курапатаў працягваецца штодзённае пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим». Адзін зь пікетоўцаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, з паводзін праваахоўнікаў у гэтым канфлікце робіць выснову, што рэальнага расьсьледаваньня крымінальнай справы аб вандалізьме ў Курапатах не вядзецца.

«Вось па серадах да варты рэгулярна прыходзіць чалавек, які пагражае пікетоўцам, ганьбіць бел-чырвона-белы сьцяг, а потым ідзе да падмурку лавы Клінтана. На маю думку, у такога чалавека тым, хто вядзе сьледзтва, варта было б пацікавіцца, чаму ён правакуе пікетоўцаў, што ён правярае на месцы, дзе была лава. Але, відаць, не цікавіць», — заўважае Павал Севярынец.

Чаму палітык лічыць, што чалавек, пра якога ён кажа, мае дачыненьне да падзей вакол лавы Клінтана?

«У мінулую сераду ён прыходзіў да пікетоўцаў з арматурай у руках. А ад рэстарацыі з гэтай арматурай пайшоў да Галгофы і спусьціўся ўніз, дзе была лава Клінтана. І ня проста пайшоў далей долу па дарозе, а спыніўся і там нешта выглядаў», — кажа Павал Севярынец.

Паводле Паўла Севярынца, чалавек, пра якога ён кажа, узростам і зьнешнасьцю падобны да таго мужчыны, якога маладафронтаўцы бачылі 8 лютага і вызначылі як падазронага.

Павал Севярынец мяркуе, што міліцыянты, якія дзяжураць каля рэстарацыі, невыпадкова не зьвяртаюць увагі на гэтага чалавека з арматурай.

«Лічу, ніхто нікога не шукае, бо ім цудоўна вядома, хто гэта зрабіў», — кажа Павал Севярынец.

Гісторыя і сучаснасьць «лавы Клінтана». Асноўнае

«Лава Клінтана» — мэмарыяльны знак памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты, адкрыты ў 1994 годзе прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам падчас візыту ў Менск.

Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019
Пашкоджаная вандаламі «лава Клінтана» ў Курапатах, 2 лютага 2019

Каменную лаву з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці» прывезьлі ў Менск за дзень да візыту Клінтана.

Ад 2001 году вандалы неаднаразова апаганьвалі «лаву Клінтана».

1 лютага 2019 невядомыя разьбілі «лаву Клінтана» ва Ўрочышчы Курапаты. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за вандалізм. Амбасада ЗША заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць здарэньне і пакараць вандалаў. 7 лютага лаву знайшлі разбуранай зноў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

​У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG