У Столінскім раёне затрымалі двух мужчын у балаклавах, якія ішлі ва Ўкраіну, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
2 чэрвеня непадалёк ад вёскі Капані Столінскага раёну, за кілямэтар ад дзяржаўнай мяжы, памежнікі заўважылі аўтамабіль Volkswagen, зь якога пасьпешліва выйшлі двое мужчын, надзелі камуфляваныя балаклавы і пайшлі ў бок тэрыторыі Ўкраіны.
Памежнікі паспрабавалі спыніць іх, крычучы «Стой, памежны нарад!», але невядомыя пабеглі далей, у бок мяжы, не рэагуючы на патрабаваньні. Адзін з памежнікаў зрабіў некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, пасьля чаго невядомых затрымалі.
Як высьветлілася, адзін з затрыманых — жыхар Століна, другі — зь мястэчка Рэчыца Столінскага раёну. Затрымалі таксама кіроўцу аўтамабіля, які падвёз іх да мяжы. Зь якой мэтай яны спрабавалі нелегальна перайсьці мяжу, не паведамляецца.
На жыхароў Століншчыны завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.4 КаАП, цяпер ім пагражае штраф да 1350 рублёў або адміністрацыйны арышт.